З 7 па 17 ліпеня навучэнцам профільных класаў інжынернай і педагагічнай накіраванасцей сярэдняй школы №7 горада Ваўкавыск удалося адчуць сябе сапраўднымі студэнтамі-купалаўцамі. Дзеці пазнаёміліся з гісторыяй універсітэта, факультэтамі і кафедрамі, пажылі ў студэнцкім інтэрнаце, а таксама прасякнуліся цудоўнай атмасферай старажытнага горада Гродна.
Шматпрофільная летняя школа "Купалаўскі старт" для школьнікаў - гэта выдатная магчымасць пагрузіцца ва ўніверсітэцкае асяроддзе, вызначыцца з выбарам будучай прафесіі і атрымаць прафесійныя рэкамендацыі для падрыхтоўкі да паступлення ва ўніверсітэт. Інтэрактыўныя заняткі і майстар-класы, праведзеныя выкладчыкамі і студэнтамі ўніверсітэта для 20 навучэнцаў з Ваўкавыска, дазволілі будучым студэнтам праверыць свае веды і проста весела правесці час.
На ўрачыстым падвядзенні вынікаў працы шматпрофільнай летняй школы прысутнічала рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Фёдараўна Кітурка. У сваім выступленні яна выказала падзяку ўсім навучэнцам за іх руплівую работу, а таксама ўручыла дыпломы і сертыфікаты праекта.
- Дарагія ўдзельнікі шматпрофільнай летняй школы, мы лічым вас сваімі! За гэты час, пакуль вы знаёміліся з нашым універсітэтам, мы прыкіпелі да вас усёй душой і сэрцам. Нам вельмі важна, каб вы разумелі, Купалаўскі ўніверсітэт з трапятаннем і клопатам ставіцца да ўсіх сваіх абітурыентаў і студэнтаў. Штогод на першай лекцыі «Універсітэт вашых магчымасцяў» я неаднаразова падкрэсліваю, што ўніверсітэт дае разнастайную падтрымку і апору для вашага развіцця і якаснай адукацыі. Цяпер вы працуеце над сваімі сертыфікатамі ЦЭ і ЦТ, каб зрабіць важны і ўсвядомлены выбар будучай прафесіі і ўніверсітэта. І наша шматпрофільная школа дапамагае вам з дадзеным нялёгкім выбарам. Удзел у праекце дае вам магчымасць пазнаёміцца з універсітэцкім асяроддзем, удасканаліць свае веды і вызначыцца з выбарам будучай прафесіі, - адзначыла рэктар.
За час працы школы навучэнцы прайшлі тэсціраванне па беларускай мове, напісалі кантрольную работу па матэматыцы і дыктоўку па рускай. Таксама выканалі кантрольную работу па фізіцы, тэсціраванні па англійскай мове і гісторыі Беларусі.
Адзначым, што ўдзел у гэтай праграме дазваляе школьнікам не толькі пашырыць свае веды, але і пазнаёміцца з факультэтамі і спецыяльнасцямі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, што дапамагае ва ўсвядомленым выбары прафесійнага шляху.