Сёння, 23 снежня, у абласной філармоніі адбылося вытанчанае пераднавагодняе мерапрыемства – «Белы баль«. Мерапрыемства прайшло ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» і аб'яднала самых творчых і паспяховых маладых людзей вобласці – пераможцаў алімпіяд, конкурсаў і спартыўных мерапрыемстваў. Сярод 36 пар кружыліся і купалаўцы.
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на мерапрыемстве прадставілі першы прарэктар Аляксандр Карэўскі, студэнтка 2 курса факультэта эканомікі і кіравання Паліна Болбат і студэнт 3 курса юрыдычнага факультэта Станіслаў Чопка.
Атмасфера чараўніцтва, зачаравальныя танцы і забаўкі чакалі ўдзельнікаў балю. Для гасцей вечара працавалі маляўнічыя фотазоны, дзе кожны мог зрабіць фатаграфіі на памяць аб цудоўным свяце. Прыемнай музыкай суправаджаў чароўнае мерапрыемства эстрадны аркестр Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў «Арт-каледж BAND». Забаўляльную праграму дапоўніла віктарына, удзельнікі якой за правільныя адказы атрымлівалі сняжынкі і шанц выйграць прыз.
Завяршылася свята ўрачыстым уручэннем святочных падарункаў усім удзельнікам балю.
«Белы баль» стаў для купалаўцаў не толькі запамінальнай падзеяй, але і заслужаным прызнаннем іх працы.