Студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы актыўна прымаюць удзел у завяршальным этапе будаўніцтва абласнога анкалагічнага дыспансера. Гэты значны для рэгіёна аб'ект летась атрымаў статус абласной маладзёжнай будоўлі, і купалаўцы ўносяць свой уклад у яго ўзвядзенне.
У склад студэнцкага атрада “Прамбуд”, які і дапамагае на будоўлі, уваходзяць 10 студэнтаў з самых розных факультэтаў Купалаўскага ўніверсітэта – юрыдычнага факультэта, факультэта эканомікі і кіравання, інжынернага факультэта і фізіка-тэхнічнага факультэта. Студэнты займаюцца ўнутраным аздабленнем лячэбнага корпуса № 2: расстаўляюць мэблю і абсталяванне, заканчваюць касметычны рамонт корпуса, дапамагаюць прыбіраць памяшканні пасля аздобных прац. Рабяты працуюць старанна і, па словах камісара Гродзенскага абласнога штаба студэнцкіх атрадаў Віталя Зельманчука, скарг на іх не паступае.
Сярод працуючых байцоў ёсць як вопытныя хлопцы, так і тыя, хто ўпершыню паспрабаваў сябе ў дзейнасці студатрадаў. Напрыклад, студэнт юрыдычнага факультэта Арцём Сівак ужо вопытны баец будаўнічых атрадаў. Для яго работа на гэтым аб'екце мае асаблівую значнасць.
- Хацелася быць датычным да будаўніцтва менавіта гэтага аб'екта, так як ён асабліва важны ў сістэме аховы здароўя вобласці. Праца абсалютна пасільная. Я ўпэўнены, што справа знойдзецца для кожнага, хто жадае дапамагчы. Цяпер, напрыклад, мы разносім і расстаўляем мэблю, прыбіраем калідоры. Заўсёды на падхваце ў будаўнікоў, гатовыя ім дапамагчы ў любой справе, - падзяліўся Арцём Сівак.
А вось яго калега - студэнт інжынернага факультэта Уладзіслаў Шкубель - упершыню спрабуе свае сілы ў студэнцкім атрадзе.
- Я ўпершыню ў студэнцкім атрадзе. На прапанову адразу адгукнуўся, таму што хацеў паспрабаваць сябе ў будаўнічай сферы і крыху падзарабіць. Праца мне падабаецца, хаджу з задавальненнем. Апроч таго, што я раблю добрую справу і праводжу час з карысцю, я здабыў новых сяброў. Думаю, працягну і далей працаваць у студэнцкіх атрадах, - падзяліўся Уладзіслаў Шкубель.
Адзначым, што ГрДУ імя Янкі Купалы падтрымлівае імкненне студэнтаў працаваць. Для іх складаецца індывідуальны графік, каб можна было камфортна сумяшчаць вучобу і працу.
Навіна напісана па матэрыяле «Гродзенскай праўды».