У гэтым годзе конкурс «Лепшая дыпломная і навукова-даследчая работа студэнтаў у галіне менеджменту і кантролю якасці» пройдзе ў дзевятнаццаты раз. Да ўдзелу запрашаюцца студэнты 4-6 курсаў і магістранты вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь.
Штогод конкурс праводзіцца з мэтай павышэння ўзроўню падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне менеджменту і кантролю якасці, ацэнкі дыпломных і навукова-даследчых работ студэнтаў і магістрантаў, а таксама стымулявання іх навуковай і прыкладной дзейнасці і падтрымкі таленавітых навучэнцаў вышэйшых навучальных устаноў.
Конкурсныя работы можна будзе падаць па намінацыях «Лепшая дыпломная работа ў галіне менеджменту якасці»; «Лепшая дыпломная работа ў галіне кантролю якасці»; «Лепшая навукова-даследчая работа ў галіне менеджменту якасці»; «Лепшая навукова-даследчая работа ў галіне кантролю якасці».
Конкурс праводзіцца ў два этапы. Першы праходзіць унутры ВНУ - праводзіцца адбор дыпломных і навукова-даследчых работ. Удзельнікі, якія прайшлі ў другі этап, павінны да 1 кастрычніка падаць у сакратарыят конкурснай камісіі (г. Мінск, вул. Наватарская, 2А, к. 428) наступныя дакументы: суправаджальны ліст установы вышэйшай адукацыі аб накіраванні матэрыялаў дыпломных або навукова-даследчых работ і дакументаў для ўдзелу ў другім этапе конкурсу; інфармацыйную карту ўдзельніка конкурсу; копію водгуку навуковага кіраўніка працы; кароткае апісанне работы аб'ёмам не больш за 60 старонак, зацверджаную дэканам факультэта або загадчыкам кафедры, зыходзячы з віду работы, якая падаецца; анатацыю да працы; дакументы, якія пацвярджаюць апрабацыю, наяўнасць публікацый, патэнтную абарону і ўкараненне вынікаў навуковай працы.
Таксама на другім этапе конкурсу будзе праводзіцца экспертыза конкурсных работ спецыялістамі ў сферы менеджменту і кантролю якасці.
Па выніках конкурсу пераможцам і іх навуковым кіраўнікам уручаць дыпломы, а прэзентацыі работ з інфармацыяй аб іх размесцяць на сайтах Дзяржстандарта і Міністэрства адукацыі. Таксама работы пераможцаў апублікуюць у навукова-практычным часопісе «Стандартызацыя» ў выглядзе навуковых артыкулаў.
Запрашаем купалаўцаў прыняць удзел у конкурсе і прадэманстраваць свае навуковыя дасягненні!
Больш падрабязную інфармацыю можна даведацца па спасылцы.