Студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы годна прадставілі ўніверсітэт на штогадовым Міжнародным конкурсе навуковых перакладчыцкіх праектаў «LinguaBridge: адзінства ў разнастайнасці». Па выніках напружанай працы купалаўцы сталі ўладальнікамі дыпломаў другой і трэцяй ступені.
«LinguaBridge: адзінства ў разнастайнасці» – гэта маштабнае інтэлектуальнае спаборніцтва, мэта якога – выявіць і развіць у студэнтаў практычныя ўменні ў галіне аналізу і перакладу іншамоўнага тэксту. У гэтым годзе ў конкурсе прынялі ўдзел 512 студэнтаў з 40 вышэйшых навучальных устаноў Расіі, Беларусі і краін далёкага замежжа.
У рамках спаборніцтва купалаўцы ў анлайн-рэжыме выконвалі пераклад тэкстаў з англійскай і нямецкай на рускую.
У фінальным этапе прынялі ўдзел 215 студэнтаў, сярод якіх – шэсць прадстаўнікоў спецыяльнасці «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый» факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Купалаўскага ўніверсітэта.
Студэнткі трэцяга курса Ганна Місюта і Ангеліна Куц былі ўдастоены дыпломаў трэцяй ступені ў конкурсе перакладаў з англійскай мовы на рускую. У конкурсе перакладаў з нямецкай мовы дыплом другой ступені атрымала студэнтка чацвёртага курса Ганна Такарчук, а дыплом трэцяй ступені – студэнт чацвёртага курса Арсеній Садзюк.
Віншуем купалаўцаў і жадаем ім далейшых поспехаў!




