5 чэрвеня ў онлайн–фармаце прайшла сустрэча вядучых спецыялістаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Ургенцкага тэхналагічнага ўніверсітэта «Ранч» Рэспублікі Узбекістан. Галоўнай тэмай сустрэчы стала вызначэнне ключавых напрамкаў узаемадзеяння.
У дэлегацыю Ургенцкага тэхналагічнага ўніверсітэта ўвайшлі прарэктар па даследаваннях, інавацыях, трансферу тэхналогій і глабальнаму супрацоўніцтву Зафар Ібрагімаў, начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва Жавахір Атабоеў, метадыст аддзела міжнароднага супрацоўніцтва Акбаржон Машарыпаў, галоўны спецыяліст аддзела арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці адораных студэнтаў падрыхтоўкі навукова-педагагічных кадраў Феруза Рахімбаева.
Бок ГрДУ імя Янкі Купалы прадставілі прарэктар па навуковай рабоце Наталля Башун, начальнік Цэнтра інтэрнацыяналізацыі адукацыі Алена Белакоз, начальнік навукова-даследчай часткі Антон Глазеў і вядучы спецыяліст аддзела міжнароднага супрацоўніцтва Ганна Мілашэўская.
Пасля абмену прывітаннямі Наталля Башун выказала падзяку замежным калегам за праяўленне ініцыятывы ў міжуніверсітэцкім узаемадзеянні. Потым бакі прадставілі свае навучальныя ўстановы, падзяліліся асноўнымі дасягненнямі і перайшлі да абмеркавання перспектыўных напрамкаў партнёрства, прапанаваных узбекскім бокам. Калегі абмеркавалі ўдзел супрацоўнікаў і студэнтаў у міжнародных навуковых канферэнцыях, правядзенне сумесных навуковых даследаванняў і сумесную публікацыю іх вынікаў, падрыхтоўку кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі, акадэмічную мабільнасць супрацоўнікаў і студэнтаў і рэалізацыю супольных адукацыйных праграм.
Напрыканцы сустрэчы Наталля Зігмундаўна падзякавала прадстаўнікам Ургенцкага тэхналагічнага ўніверсітэта «Ранч» за адкрыты дыялог і выказала надзею на далейшае плённае ўзаемадзеянне.
Даведачна: Ургенцкі тэхналагічны ўніверсітэт "Ранч" пачаў сваю дзейнасць 5 лістапада 2021 года ў складзе акцыянернага таварыства "УргенчКорммаш", якое было створана ў верасні 1981 года на базе вытворчасці Люберэцкага завода імя Ухтомскага Маскоўскай вобласці. У структуру ўніверсітэта ўваходзяць чатыры факультэты: эканамічны факультэт, а таксама факультэты педагогікі і філалогіі, інавацыйных тэхналогій і медыцынскіх навук. Таксама ва Ургенцкім тэхналагічным універсітэце функцыянуюць пяць навуковых і навучальных лабараторый: лабараторыя па фізіцы, хіміі, механіцы, электратэхніцы, IT-распрацоўцы.
Ургенцкі тэхналагічны ўніверсітэт "Ранч" актыўна развівае партнёрскія адносіны з вядучымі замежнымі ВНУ. У рамках праграм абмену студэнтамі і прафесарска-выкладчыцкім складам установа супрацоўнічае з аўтарытэтнымі навучальнымі ўстановамі з Вялікабрытаніі, Іспаніі, Італіі, Японіі, Чэхіі і ЗША.