26 мая ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і лаўрэатаў рэспубліканскага конкурсу эсэ "Хачу быць дыпламатам". У ліку пераможцаў - Кацярына Кіеня і Уладзіслава Барсукова.
Конкурс праходзіў з 22 студзеня па 1 сакавіка, сабраўшы больш за 350 работ з 25 вышэйшых навучальных устаноў. Па выніках аналізу і ацэнкі журы было вызначана ўсяго 17 пераможцаў і 16 лаўрэатаў.
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы прадставілі студэнткі 3 курса юрыдычнага факультэта спецыяльнасці "Міжнароднае права". Кацярына Кіеня стала пераможцам конкурсу, Уладзіслава Барсукова - лаўрэатам.
Павіншаваць будучых калег і ўручыць узнагароды прыйшлі ганаровыя госці: міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, дырэктар РУП "Нацыянальны цэнтр падтрымкі экспарту" Мікалай Барысевіч, старшыня сеткі магазінаў "5 элемент" Андрэй Балабін, а таксама Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол, член Асацыяцыі ветэранаў МЗС Беларусі Андрэй Еўдачэнка.
Апроч каштоўных падарункаў, фіналісты атрымалі ўнікальны «білет у прафесію». Галоўным бонусам для пераможцаў і лаўрэатаў стала магчымасць прайсці практыку ў Міністэрстве замежных спраў ці прыняць удзел у семінары-практыкуме для маладых дыпламатаў.