Універсітэцкая алімпіяда ГрДУ імя Янкі Купалы ўключае ў сябе ў 2025-2026 навучальным годзе 8 профільных алімпіяд па 7 вучэбных прадметах: «Біялогія», «Матэматыка», «Хімія», «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі», «Англійская мова», «Русская мова. Руская літаратура» і «Беларуская мова. Беларуская літаратура».
Пры гэтым алімпіяда па вучэбным прадмеце «Біялогія» праводзіцца для дзвюх розных груп спецыяльнасцяў: група 1 – «Дашкольная адукацыя», «Пачатковая адукацыя», «Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя», «Псіхалогія», «Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя» і група 2 – «Біялогія», «Экалогія», «Фундаментальная і прыкладная біятэхналогія».
Папярэдні этап універсітэцкай алімпіяды ГрДУ імя Янкі Купалы праводзіўся праз Лічбавы кабінет абітурыента ў дыстанцыйнай форме на лічбавай платформе адукацыйнага партала ўніверсітэта. У Лічбавым кабінеце абітурыента ўдзельнікі рэгістраваліся на папярэдні этап, адразу пасля яго завяршэння атрымалі інфармацыю аб часе доступу да вынікаў выканання папярэдняга этапа, маглі азнаёміцца са сваімі памылкамі пры выкананні заданняў папярэдняга этапа, інфармаваліся аб допуску да ўдзелу ў заключным этапе алімпіяды, пацвярджалі ўдзел у заключным этапе і змаглі ўбачыць набраныя балы.
У заключным этапе 8 профільных алімпіяд, якія прайшлі 21 і 22 лютага, прынялі ўдзел 482 абітурыенты (у 2025 годзе – 328). Больш за ўсё ўдзельнікаў заключнага этапу было ў алімпіядах па матэматыцы – 176 чалавек, па англійскай мове – 115 чалавек, па біялогіі (для спецыяльнасцей факультэта біялогіі і экалогіі) – 54 чалавекі, па гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі – 52 чалавекі.
У заключным этапе Шматпрофільнай алімпіяды прынялі ўдзел абітурыенты з усіх абласцей Беларусі. Найбольшая колькасць удзельнікаў заключнага этапа з г. Гродна – 47,51%, Гродзенскай вобласці – 32,37%, з Брэсцкай вобласці – 8,92%, з Мінскай вобласці – 4,77%. З Гомельскай вобласці і Віцебскай вобласці было па 13 удзельнікаў, з Магілёўскай вобласці 4 удзельнікі, з Расіі – 1 удзельнік.
-Пераможцамі Шматпрофільнай алімпіяды Купалаўскага ўніверсітэта ў 2026 годзе сталі 178 абітурыентаў: 48 заваявалі дыплом I ступені, 54 – дыплом II ступені і 76 – дыплом III ступені.
Уладальнікі дыпломаў І, ІІ, ІІІ ступені Шматпрофільнай універсітэцкай алімпіяды ГрДУ імя Янкі Купалы змогуць паступіць на 24 з 53 спецыяльнасцей Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы без уступных іспытаў.
Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў алімпіяды адбудзецца 21 сакавіка на Дні адчыненых дзвярэй у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.