Традыцыйна ў Купалаўскім універсітэце пройдзе прафарыентацыйны інтэнсіў «PROF-вакацыі», дзе кожны зможа стаць актыўным удзельнікам і зрабіць правільны выбар будучай прафесіі.
PROF-вакацыі - гэта магчымасць не толькі адпачыць падчас школьных канікулаў, але і даведацца больш пра 13 факультэтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, асаблівасці навучання і перспектывы працаўладкавання.
Прафарыентацыйны праект будзе рэалізаваны ў тры этапы. Першы сезон будзе праходзіць з 3 да 6 лістапада. У ім адбудзецца адкрыццё праекта, знаёмства з факультэтамі ўніверсітэта, інтэрактыўная выстава-падарожжа, зносіны з выкладчыкамі і студэнтамі, а таксама стварэнне персанальнага адукацыйнага маршруту.
Другі сезон будзе працаваць у час зімовых канікулаў з 3 па 6 студзеня. Абітурыенты змогуць прыняць удзел у практыкумах і творчых майстар-класах на сучасным абсталяванні ўніверсітэта, вырашыць кейсы ад рэальных кампаній, папрацаваць у лабараторыях і творчых майстэрнях, а таксама развіць свае soft skills.
У час вясновых канікулаў з 22 па 26 сакавіка пройдзе апошні, трэці сезон прафарыентацыйнага праекта. На ім прадставіцца магчымасць прайсці інтэнсіў па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання і ўнутраных іспытаў, трэнінг па самапрэзентацыі, а таксама атрымаць індывідуальную кансультацыю з прадстаўнікамі прыёмнай камісіі.
PROF-вакацыі – гэта выдатны шанс атрымаць практычны вопыт, папрацаваць у камандзе, раскрыць свой творчы патэнцыял і вызначыцца з выбарам будучай прафесіі!
Падрабязная праграма кожнага сезона даступна на сайце.