Прадстаўнікі прафсаюзнай арганізацыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы здзейснілі займальнае двухдзённае падарожжа па маршруце Гродна-Іўе-Відзы-Браслаў-Лабецкія-Паставы.
Стартаваў тур са знаёмства з Іўеўскім краем. Галоўнай падзеяй першага дня стала наведванне другога па велічыні касцёла ў Беларусі – Касцёла Святой Тройцы, размешчанага ў гарадскім пасёлку Відзы. Мясцовыя жыхары празвалі яго «Белы лебедзь». Удзельнікаў паездкі ўразілі яго маштаб і веліч.
Завяршыўся першы дзень на маляўнічай Браслаўшчыне, дзе група размясцілася на турыстычнай базе «Дрывяты» нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры». Удзельнікі змаглі пагуляць па прыгожых мясцінах, якія акружаюць базу, і атрымаць асалоду ад віда возера Дрывяты перад яшчэ больш насычаным наступным днём паездкі.
Другі дзень займальнага падарожжа купалаўцы пачалі з неверагодных відаў Браслаўшчыны. Яны падняліся на Замкавую гару і гару Маяк, дзе на вышыні 80 метраў адкрыўся від на маляўнічы азёрны край.
Апроч захапляльных відаў, другі дзень паездкі напоўніўся і глыбокімі эмацыйнымі момантамі. Прафсаюз работнікаў універсітэта наведаў вёску Лабецкія, якая лічыцца сястрой Хатыні. Там яны ўшанавалі памяць усіх загінуўшых. Наведванне такога знакавага месца стала напамінам аб нялёгкай гісторыі нашай краіны.
Завяршылася праграма ў горадзе Паставы. Там удзельнікі тура пагрузіліся ў гісторыю месца, яго каларыт, ацанілі архітэктуру і наведалі ўнікальны музей Тызенгаўза, размешчаны ў падвале старой бальніцы.
Гэтая паездка стала неверагодным досведам, эмоцыі ад якой будуць саграваць сэрцы яшчэ вельмі доўга.