Семінар пройдзе 24 кастрычніка ў 15:00 па адрасе: вул. Ажэшка, 22, аўд. 218а. Яго тэмай стане «Актуальныя напрамкі натуральна-навуковых і сацыяльна-гуманітарных навук».
Праграма мерапрыемства распрацавана для таго, каб дапамагчы ўдзельнікам «прапампаваць» навуковую аснову іх ідэй і выбудаваць для іх трывалы падмурак.
Спікерамі семінара выступяць эксперты ў сваіх галінах. Кандыдат біялагічных навук, загадчык кафедры хіміі і біятэхналогіі, даследчык у галіне нейрамарфалогіі і біятэхналогіі Лізавета Вузлова пазнаёміць аўдыторыю з сучаснымі трэндамі і прарыўнымі напрамкамі ў натуральна-навуковых даследаваннях. У сваім выступленні кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт кафедры агульнай фізікі фізіка-тэхнічнага факультэта Андрэй Лавыш раскажа аб межах магчымага ў фізіцы і тэхніцы, а таксама аб тым, куды рухаецца навуковая думка. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт, археолаг-практык і член Савета маладых вучоных Аляксандр Гаршкоў дапаможа разабрацца ў прыкладных аспектах сучасных сацыяльна-гуманітарных ведаў.
Пасля тэарэтычнай часткі ўдзельнікаў семінара чакаюць нетворкінг і воркшоп, дзе яны змогуць прымяніць атрыманыя веды для фарміравання сваіх праектаў.
