Гарадскі этап прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў «Новыя імёны Беларусі-2016» адбыўся ў Гродне. Конкурс праходзіў у два этапы, яго ўдзельнікамі сталі 79 каманд, у склад якіх увайшлі пракуроры, педагогі, выхавальнікі, медыкі, следчыя, швачкі, бібліятэкары, электраманцёры і многія іншыя.
Канкурсантаў ацэньвалі ў дзвюх намінацыях. У намінацыі «Сцэнічная творчасць» удзельнікі спявалі і танцавалі, гулялі на гітары і цымбалах, чыталі вершы і ставілі тэатралізаваныя сцэнкі. Свой выканальніцкі талент прадэманстраваў педагог-арганізатар Сектара ідэалагічнай і выхаваўчай работы Студэнцкага гарадка ГрДУ імя Янкі Купалы Пэн Шэнь. Журы прысудзіла яму другое месца. Неўзабаве наш канкурсант прадставіць купалаўскі ўніверсітэт на абласным этапе.
У намінацыі «Дэкаратыўна-прыкладное і выяўленчае мастацтва» на суд журы былі прадстаўлены карціны, напісаныя маслам і акварэллю, жаночыя ўпрыгажэнні, зробленыя з бісеру, саламяныя пано, інтэр'ерныя цацкі і тапіарыі, працы з папяровай лазы і мастацкія фатаграфіі.
Рэспубліканскі этап, на якім выступаюць пераможцы конкурсу з Гродзенскай вобласці, пройдзе вясной. 1 мая, у Свята працы, стануць вядомыя «Новыя імёны Беларусі-2016».
Варта адзначыць, што конкурс творчасці працоўных калектываў Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі праводзіць ужо ў другі раз. У мінулым годзе з-за яго папулярнасці было прынята рашэнне праводзіць конкурс штогод.