У суботу, 18 кастрычніка, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы зноў ператворыцца ў вялікую прафарыентацыйную пляцоўку. Філалагічны факультэт, фізіка-тэхнічны факультэт, факультэт фізічнай культуры і факультэт эканомікі і кіравання падрыхтуюць цікавыя мерапрыемствы, каб расказаць школьнікам пра сябе.
Філалагічны факультэт запрашае школьнікаў не проста на экскурсію, а на экскурсію-квест «Даведайся пра ФілФак!». Прайшоўшы па станцыях і выканаўшы заданні, удзельнікі не толькі даведаюцца, як жыве філалагічны факультэт, але таксама пазнаёмяцца з выкладчыкамі і студэнтамі, атрымаюць адказы на пытанні. Мерапрыемства пройдзе ў 15.00 па адрасе: вул. Леніна, 32, аўд. 3.
Фізіка-тэхнічны факультэт запрашае навучэнцаў прыняць удзел у практычным семінары«Гісторыя развіцця тэлекамунікацыйнай тэхнікі», які пройдзе па адрасе: вул. Паповіча, 50, аўд. 305 у 11:00.
Гасцей факультэта фізічнай культуры чакае знаёмства з выкладчыкамі і студэнтамі, экскурсія па навучальных аўдыторыях і залах, а таксама знаёмства са спецыяльнасцямі, студэнцкім жыццём на факультэце і інфармацыя аб паступленні. Сустрэча пройдзе ў 10.00 па адрасе: вул. Захарава, 32, аўд. 16.
Факультэт эканомікі і кіравання прапануе пагрузіцца ў свет бізнэсу праз серыю карысных майстар-класаў. Удзельнікі змогуць асабіста пагутарыць з выкладчыкамі і задаць ім пытанні, якія іх цікавяць. Сустрэча пройдзе па адрасе: вул. Леніна, 32, аўд. 3 у 11:40.
«Універсітэцкая субота» – гэта першы і важны крок да ўсвядомленага выбару прафесіі. Не прапусціце магчымасць пазнаёміцца з універсітэтам!