Выстава адкрылася ў гонар 125-годдзя з дня заснавання Гродзенскай епархіі і сабрала ў сваёй экспазіцыі ўзоры марак і канвертаў, якія так ці інакш адлюстроўваюць рэлігійную тэматыку. Упершыню выстава была прэзентавана ў 2024 годзе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і ў Мінскай духоўнай акадэміі. І сёння выставу ўпершыню прэзентавалі ў Гродзенскім рэгіёне.
На Гродзеншчыне выстава дэбютавала ў Купалаўскім універсітэце, храме навукі, які цесна супрацоўнічае з Гродзенскай епархіяй. Як адзначыў Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній, экспазіцыя дапамагае яшчэ лепш усвядоміць радасць уваскрэсення Хрыстова, якая стагоддзямі ўвасаблялася ў архітэктуры, жывапісе, іканаграфіі. Храмы, манастыры, абразы, помнікі, ушанаваныя ў паштовых праектах, маюць вялікую каштоўнасць, таму што расказваюць і жыхарам нашай краіны, і людзям з іншых краін пра багатую гісторыю, архітэктуру, кніжную культуру, традыцыі хрысціянства на беларускіх землях.
– Так, зараз пераважаюць лічбавыя тэхналогіі, але рукапісныя лісты захоўваюць цяпло душы. Яны застаюцца ў гісторыі. Гэта выстава цікавая яшчэ і тым, што тут прадстаўлены не проста маркі, а паштовыя наборы першага дня. Калі выпускаецца марка, адбываецца яе гашэнне, ставіцца дата, абазначаецца месца, дзе яно адбылося. А ўдзельнікі цырымоніі пакідаюць свае подпісы. І сярод экспанатаў ёсць арыгінальны подпіс Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, – расказаў Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній.
Рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, звяртаючыся да гасцей вернісажа адзначыла, што адкрыццё выставы стала магчымым дзякуючы цеснаму сяброўству Гродзенскай епархіі і Купалаўскага ўніверсітэта. Дарэчы, Гродзеншчына – гэта першы рэгіён, які прымае выставу пасля Мінска. І ў Гродне быў прадстаўлены новы паштовы праект – канверт, прысвечаны 125-годдзю з дня заснавання Гродзенскай епархіі.
Экспазіцыя «Беларусь Праваслаўная» – сумесны праект Беларускай Праваслаўнай Царквы і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь. Кожны паштовы стэнд экспазіцыі «Беларусь Праваслаўная» – гэта не проста прыгожы дызайн, гэта знаёмства з багатай гісторыяй Праваслаўя на беларускай зямлі. На дадзены момант у Беларусі ўведзена ў абарачэнне амаль 1600 паштовых марак і блокаў, і больш за 100 з іх прысвечаны Праваслаўю, канвертаў жа і картак яшчэ больш.