У Гродне прайшла маштабная акцыя «Памяць», прысвечаная Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Сотні гараджан сабраліся ля брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан у парку імя Ж.Э. Жылібера, каб аддаць даніну памяці і павагі героям вайны. Сёлета акцыя прымеркавана да знамянальнай даты - 80-годдзя Вялікай Перамогі.
Акцыя «Памяць» праводзіцца ўжо 14-ы раз, і з кожным годам маштаб яе расце. Сёлета больш за 300 чалавек – навучэнцы і педагогі Гуманітарнага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы – прынялі ўдзел у падрыхтоўцы і рэалізацыі тэатралізаванай пастаноўкі «Табе, салдат 41-га, ад праўнукаў Перамогі». Гэты праект, які існуе ўжо 20 гадоў, стаў сапраўднай традыцыяй, якая аб'ядноўвае пакаленні.
Рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка адзначыла, што акцыя збірае людзей розных пакаленняў, дазваляючы ім разам узгадаць пра подзвіг тых, хто змагаўся за свабоду і мір.
– Сёння важны дзень у жыцці Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, горада Гродна і ўсёй краіны. Мы збіраемся тут, каб ушанаваць памяць тых, хто загінуў на франтах Вялікай Айчыннай вайны і хто стаў ахвярай генацыду супраць беларускага народа. Акцыя мае сімвалічную назву – «Табе, салдат 41-га, ад праўнукаў Перамогі». Перамога пачыналася на берагах Нёмана, Буга і Мухаўца, і яе дамагаліся тыя, хто не адступіў перад праўзыходнымі сіламі суперніка, а ішоў да канца. Пакуль мы жывем, мы памятаем. Ген Перамогі, пераможца, жыве ў крыві беларускага народа. Вельмі важна, каб ген памяці застаўся назаўжды ў нашым народзе, – адзначыла Ірына Фёдараўна.
Ірына Фёдараўна таксама падкрэсліла, што ў гэтым годзе была ўпершыню арганізавана прамая трансляцыя акцыі. Дзякуючы гэтаму новаўвядзенню, ушанаваць памяць герояў змаглі не толькі прысутныя, але і ўсе ахвочыя, незалежна ад месцазнаходжання. Паводле слоў Ірыны Кітуркі, трансляцыя заклікана пашырыць аўдыторыю і захаваць гістарычную памяць для будучых пакаленняў.
Адметнай рысай пастаноўкі гэтага года таксама стала ўвага да лёсаў тых, хто першымі сустрэлі вайну – лётчыкам, пагранічнікам і мірным жыхарам. Тэатралізаваная пастаноўка дазволіла гледачам адчуць, як вайна ўварвалася ў жыцці простых людзей, разбурыўшы іх надзеі і мары. Кожная гісторыя – сведчанне стойкасці і мужнасці беларусаў.
Ідэйным натхняльнікам акцыі з'яўляецца Наталля Валковіч, дырэктар Гуманітарнага каледжа Купалаўскага ўніверсітэта. Яна займаецца падрыхтоўкай і напісаннем сцэнарыя, што патрабуе доўгай і карпатлівай працы. У гэтым працэсе ёй актыўна дапамагаюць навучэнцы каледжа, якія з энтузіязмам ставяцца да праекту і гараць жаданнем удзельнічаць у ім.
Да акцыі «Памяць» пачынаюць рыхтавацца з верасня, калі ў пачатку навучальнага года навучэнцам паказваюць відэафільм тэатралізаванай пастаноўкі мінулых гадоў. Гэты фільм не толькі знаёміць навучэнцаў з гісторыяй акцыі, але і натхняе іх на ўдзел у ёй. Кожны год каманда аднадумцаў расце, і зараз творчы калектыў уключае ў сябе ўвесь Гуманітарны каледж. Удзельнікі – маладыя людзі ва ўзросце 14-17 гадоў, што сведчыць аб непадробнай цікавасці моладзі да захавання гістарычнай памяці. Удзельнічаючы ў акцыі, кожны з іх становіцца часткай значнай падзеі, уносячы свой уклад у агульную справу.
Так, навучэнец 1 курса Арцём Бароўскі, убачыўшы фільм, адразу прыняў рашэнне аб тым, што прыме ўдзел у акцыі «Памяць».
– Гэты праект прысвечаны героям Вялікай Айчыннай вайны, якія ахвяравалі сваімі жыццямі дзеля нашага бесклапотнага дзяцінства і светлай будучыні. Мы, маладое пакаленьне, павінны памятаць пра гэта і зрабіць усё магчымае, каб падобнае ніколі не паўтарылася на нашай зямлі. Я гуляю ў пастаноўцы салдата і прымаю ўдзел у харэаграфічных нумарах. Хоць і падрыхтоўка да акцыі доўжылася доўга, але гэта таго каштавала. Мы разумеем, што які робіцца важная справа – захоўваем памяць аб подзвігу нашых продкаў, – падзяліўся Арцём.
Слова, музыка, харэаграфічныя кампазіцыі, фатаграфіі і хроніка ваенных гадоў стварылі высокае па эмацыйным напале сцэнічнае дзеянне. У цішыні летняй ночы традыцыйна запаліліся свечкі ў памяць аб тых, чыё жыццё назаўжды змяніла вайна. У гэты момант кожны прысутны адчуў важнасць захавання памяці аб героях, якія аддалі свае жыцці за нашу будучыню.
Кіраўніцтва горада, ганаровыя госці і жыхары Гродна ўсклалі кветкі да Вечнага агню і ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання. Акцыя «Памяць» зноў пацвердзіла сваю значнасць, стаўшы напамінкам аб тым, што кожны беларус павінен памятаць сваю гісторыю і шанаваць памяць тых, хто перажыў жахі ваенных гадоў. Гэта падзея не толькі аб'ядноўвае людзей, але і выхоўвае пачуццё адказнасці за захаванне гістарычнай праўды. Кожны год акцыя «Памяць» становіцца сімвалам адзінства і павагі да памяці продкаў, пакідаючы глыбокі след у сэрцах усіх удзельнікаў і гледачоў.