Лагатып
Апісанне лагатыпа
Лагатып Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ўяўляе сабою вялікую літару У кірылічнага алфавіта, у цэнтры якой знаходзіцца стылізаваны малюнак "храма навукі", які складаецца з: 1)  даха, ролю якога выконвае шырокавугольны звернуты асновай уніз трохвугольнік; 2) "каланады храма навукі", ролю якой выконваюць вертыкальныя элементы літар лацінскага алфавіту MCMXL; 3) асновы ў выглядзе дзвюх гарызантальных ліній-"прыступак", таўшчыня якіх перавышае таўшчыню ліній, што ўтвараюць літары.
Спецыфіка графічнага выканання лагатыпа
Літара кірылічнай літары У прамая (без засечак). У агульным выглядзе яна ўяўляе сабою роўнабаковы трохвугольнік асновай дагары, прапорцыі якога такія, што ў любы момант ён можа быць упісаны ў квадрат. Для літар-калон храма навукі выкарыстоўваецца вузкая гарнітура прамога (сечанага) шрыфта.
Сімволіка лагатыпа
Наўмысна шырокія элементы ліній літары У сімвалізуюць фундаментальнасць універсітэцкай адукацыі і ўраўнаважваюць патэнцыял дынамічнасці і зменлівасці, сімволіка якога закладзена ў самой трохвугольнасці (вострым вуглом уніз) літары У. Пры гэтым патрабаванне візуальнай правільнасці і сіметрычнасці трохвугольніка абумоўлена сутнасцю ўніверсітэта, яго адвечным імкненнем да разумення ўніверсальных ісцін. Ужыванне кірыліцы ў лагатыпе адносіць нас да адной з прыярытэтных мэт заснавання на тэрыторыі Заходняй Беларусі ўніверсітэта ў 1940 годзе, якой з'яўлялася развіццё беларускай культуры. У той жа час сімволіка грэчаскага храма-порціка, унутр якога вядуць дзве шырокія прыступкі фундаментальна-гуманітарных і ўтылітарна-прыкладных ведаў, падкрэслівае агульнаеўрапейскія карані нашай культуры, калыскай якой стала Старажытная Грэцыя. Год заснавання ўніверсітэта 1940 у лагатыпе Гродзенскага ўніверсітэта прадстаўлены на латыні, якая ў сярэднія вякі стала асновай адзінай агульнаеўрапейскай адукацыйнай прасторы і якая падкрэслівае генетычную сувязь Гродзенскага ўніверсітэта з першымі еўрапейскімі ўніверсітэтамі і яго імкненне да пераемнасці і прымнажэння традыцый класічнага ўніверсітэта. Лагатып ГрДУ імя Янкі Купалы быў распрацаваны напярэдадні дваццацігоддзя перайменавання Гродзенскага педінстытута ва ўніверсітэт выпускніком гістарычнага факультэта Дзмітрыем Абразцовым і выпускніком фізічнага факультэта Уладзімірам Ляўшуком пад кіраўніцтвам дэкана факультэта грамадскіх прафесій Раісы Леанідаўны Левінай.
Гімн
Дзе сiвыя нёманскiя хвалi, 
Дзе каштанаў буйны першацвет, 
Там стаiць пад iменем Купалы 
Храм навукi - унiверсiтэт. 
Прыпеў: 
Для нас навука - ёсць святое. 
Для нас адкрыўся цэлы свет, 
Мы сталi дружнаю сям'ёю - 
Дацэнт, прафесар i студэнт.
Верым мы, што збудзецца i ў Гродне
Найшчаслiвейшы з купальскiх сноў.
Працаваць для Беларусi роднай - 
Гонар яе дочак i сыноў. 
Прыпеў:
Дык чакай нас, родная дзяржава! 
Нам твой лёс ствараць i будаваць 
I пад светлым iменем Купалы 
Нам прэстыж навукi падымаць. 
Прыпеў:
Храм навукi - унiверсiтэт .
Храм навукi - унiверсiтэт.
 
Сцяг

Апісанне сцяга
 - адносіны шырыні сцяга да даўжыні – 2:3;
  - колер палотнішча – блакітны;
  - пасярэдзіне палотнічша – лагатып універсітэта;
  - сілуэт лагатыпа і літарныя пазначэнні залацістага колеру;
  - шнуры залацістыя;
  - наверша залацістае ў выглядзе дзіды;
  - дрэўка драўлянае, круглае.
  
Апісанне геральдычнага значэння колераў сцяга ўніверсітэта
 Сцяг універсітэта – яго знак і святыня.
Кожны колер у адпаведнасці з законамі геральдыкі мае пэўнае значэнне:
сіні – колер мудрасці, навукі;
жоўты (залацісты) – колер асветы, раскошы, багацця і славы.
 
Палажэнне пра сцяг Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы
Агульныя палажэнні:
1.Сцяг Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (далей Сцяг) з'яўляецца афіцыйным знакам карпаратыўнага адзінства студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэта, іх мэтаў і імкненняў.
2.Сцяг распрацаваны на аснове лагатыпа ўніверсітэта.
3.Сцяг уяўляе сабою прамавугольнае двухбаковае блакітнае палотнішча. У сярэдзіне палотнішча намаляваны лагатып універсітэта.
Статус Сцяга:
1.Сцяг увесь час усталяваны ў канферэнц-зале ўніверсітэта.
2.У дні свят і ўрачыстых цырымоній Сцяг можа ўздымацца на будынках універсітэта, урачыста ўносіцца ў залу правядзення цырымоніі.
3.Сцяг, незалежна ад памераў, павінен адпавядаць малюнку, прыкладзенаму да гэтага Палажэння.