18 верасня студэнты Купалаўскага ўніверсітэта акунуліся ў гістарычнае мінулае Беларусі, прыняўшы ўдзел у віктарыне "Гісторыя зямлі маёй", арганізаванай навуковай бібліятэкай. Мерапрыемства было прымеркавана да Дня народнага адзінства, які адзначаўся ў нашай краіне 17 верасня.
Віктарына складалася з трох тураў. У першым туры - "Гісторыя Беларусі" - удзельнікам трэба было адказаць на пытанні, прысвечаныя вядомым гістарычным асобам, датам і падзеям, якія адбываліся на беларускіх землях.
Другі тур - "Песняры роднай зямлі" - прысвечаны дзеячам літаратуры і мастацтва.
Трэці тур – “Гродна: стары і новы” – пра гісторыю горада Гродна і вядомых асоб Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Гульню каманд ацэньвала кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі: дырэктар навуковай бібліятэкі Купалаўскага ўніверсітэта Мікалай Грынько; дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Аляксандр Горны і загадчык музея гісторыі развіцця ГрДУ імя Янкі Купалы Святлана Мардзечка.
У ходзе напружанай барацьбы месцы размеркаваліся наступным чынам: трэцяе месца заняла каманда "Буслы" факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, другое месца - у каманды маладых спецыялістаў і студэнтаў філалагічнага факультэта "Моладзь Купалы". Пераможцам віктарыны стала каманда "4G" факультэта эканомікі і кіравання.
Усе ўдзельнікі адчулі не толькі яскравыя эмоцыі, але і атрымалі памятныя сувеніры з сімволікай універсітэта. Пераможцам былі ўручаны салодкія падарункі ад прафкама студэнтаў.