У панядзелак, 22 красавіка, у рамках Тыдня факультэта біялогіі і экалогіі ўпершыню прайшло мерапрыемства ў фармаце ток-шоу: адкрыты дыялог студэнтаў з выдатным вучоным, доктарам біялагічных навук, прафесарам Іллём Заводнікам.
Як стаць паспяховым вучоным? Наколькі цярністы гэты шлях? Усе гэтыя пытанні і мноства іншых студэнты факультэта біялогіі і экалогіі змаглі задаць вучонаму ў галіне біяфізікі і біяхіміі Іллю Заводніку.
У Іллі Барысавіча самы высокі індэкс Хірша ў Купалаўскім універсітэце. Яго навуковыя даследаванні падтрымліваюцца грантамі Міжнароднага і Еўрапейскага навуковых фондаў, выконваюцца ў рамках шматлікіх заданняў ДПНД. Вынікі даследаванняў апублікаваны больш як у 350 навуковых друкаваных работах, у тым ліку ў 3 замежных манаграфіях.
У рамках ток-шоу Ілля Барысавіч падзяліўся са студэнтамі сваімі думкамі і ідэямі, расказаў аб асобасным станаўленні вучонага, заўважыў, што першапачаткова не планаваў звязаць сваё жыццё з навукай і хацеў стаць лётчыкам, але стаў вучоным сусветнага ўзроўню.
У 1999 годзе вучонаму прысуджана Прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ён узнагароджаны двума Ганаровымі Граматамі Міністэрства адукацыі, Ганаровай Граматай БРФФД, Ганаровымі Граматамі Старшыні Гродзенскага абласнога і гарадскога Савета, Узнагародай Рэктара Універсітэта горада Лодзь, Ганаровымі граматамі ГрДУ імя Янкі Купалы. Пад навуковым кіраўніцтвам прафесара абаронены 4 кандыдацкія дысертацыі.
Навуковец адзначыў, што яго праца ў лабараторыі, як дзіцячая гульня з канструктарам. "Дзеці канструююць дома, цацачныя машынкі і розныя збудаванні, а мы працуем з малекулярнай асновай жывога свету", – падзяліўся Ілля Барысавіч.
Адкрыты дыялог атрымаўся яркім, жывым, цікавым і незабыўным. Ток-шоу падарыла ўдзельнікам шмат станоўчых эмоцый і дазволіла ўбачыць прафесара ў зусім іншым амплуа.
Мяркуецца, што такія сустрэчы на факультэце біялогіі і экалогіі стануць рэгулярнай падзеяй.