У Магілёве завяршыўся маштабны Адкрыты ваенна-патрыятычны марафон «Мы – абаронцы Айчыны», прысвечаны 85-годдзю гераічнай абароны горада. Каманда ваеннага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы дастойна прадставіла сваю Аlma Mater, заваяваўшы ўзнагароды адразу ў некалькіх дысцыплінах.
Спаборніцтвы праходзілі з 28 па 30 кастрычніка на базе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта і аб'ядналі наймацнейшыя маладзёжныя каманды. Цягам трох дзён удзельнікі дэманстравалі выдатную фізічную і тактычную падрыхтоўку, а таксама высокія інтэлектуальныя здольнасці.
Купалаўцы паспяхова прайшлі ўсю спаборніцкую дыстанцыю, паказаўшы выдатныя вынікі ў ключавых этапах марафону. Па выніках напружанай барацьбы нашы курсанты тройчы паднімаліся на п'едэстал гонару, заваяваўшы:
- 3-е месца ў конкурсе «Ведаю ўсё аб Вялікай Айчыннай вайне» за глыбокія веды гісторыі Айчыны;
- 3-е месца ў намінацыі «Тактычная стральба», прадэманстраваўшы трапнасць і стрыманасць у інтэрактыўным цірэ;
- 3-е месца у намінацыі «Аператар БПЛА» за майстэрскае кіраванне беспілотнымі лятальнымі апаратамі.
Апроч спаборніцтваў, удзельнікі далучыліся да маштабнай грамадзянска-патрыятычнай праграмы. Купалаўцы наведалі мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле» і Музей Славы Магілёўшчыны, а таксама пазнаёміліся з гісторыяй горада падчас пешай экскурсіі «Магілёў губернскі».
Віншуем каманду ваеннага факультэта з дастойным выступленнем!