Восеньскі прафарыентацыйны марафон у ГрДУ імя Янкі Купалы ўпэўнена набірае абароты. Усяго за першыя два дні да праекту далучыліся больш за 300 старшакласнікаў з Гродна і Гродзенскай вобласці, гатовых пагрузіцца ў студэнцкае жыццё і зрабіць свядомы выбар будучай прафесіі.
Праграма панядзелка, другога дня прафарыентацыйнага інтэнсіўу «PROF-вакацыі: восеньскі сезон», атрымалася максімальна інтэрактыўнай і ахапіла самыя розныя навуковыя і практычныя сферы.
Юрыдычны факультэт правёў анлайн-знаёмства са спецыяльнасцямі. Абітурыенты змаглі задаць пытанні, якія цікавяць, даведаліся пра асаблівасці паступлення і навучання, а таксама пра магчымасці, якія адкрывае юрыдычную адукацыю.
Фізіка-тэхнічны факультэт арганізаваў майстар-клас па прамысловай робататэхніцы. Школьнікі пагрузіліся ў гісторыю развіцця робататэхнікі і ўбачылі ў дзеянні калабаратыўнага робата.
На кафедры беларускай філалогіі прайшло прафарыентацыйнае мерапрыемства «Лічбавы старытэлінг «Ці модна быць філолагам?»». Удзельнікі пазнаёміліся са спецыяльнасцю «Беларуская філалогія», даведаліся пра асаблівасці навучання і прафесійныя перспектывы. У рамках сустрэчы была прадстаўлена прэзентацыя «Ці модна быць філолагам?», а таксама праведзена кансультацыя па падрыхтоўцы да алімпіяды па беларускай мове і літаратуры – асаблівую ўвагу надалі напісанню водгуку, яго структуры, зместу і асноўным патрабаванням.
На базе прасторы па інтарэсах тэхнічнага профілю «Саюз тэхнікі і творчасц» прайшла лекцыя «Асновы адытыўных тэхналогій». Кандыдат тэхнічных навук, дацэнт кафедры матэрыялазнаўства і рэсурсазберагальных тэхналогій Аляксандр Антонаў расказаў аб прыладзе 3D-друкаркі, тэхналагічнасці канструкцый для папластовага друку, матэрыялах, інтэрфейсе праграмы Cura і падрыхтоўцы мадэляў да друку.
Таксама 2 лістапада запусцілі «Купалаўскі марафон вебінараў» па падрыхтоўцы да ЦЭ і ЦТ. Першым стаў вэбінар па рускай мове: яго правяла выкладчык 1 катэгорыі падрыхтоўчага аддзялення Цэнтра даўніверсітэцкай адукацыі Людміла Уладзіміраўна Пузыня. Да занятку падключыліся 34 чалавекі.
Мерапрыемствы прафарыентацыйнага марафону працягнуцца да 6 лістапада. Спяшайцеся далучыцца і выбраць прафесію мары!