Восем трэцякурснікаў факультэта эканомікі і кіравання Купалаўскага ўніверсітэта часова змянілі навучальныя аўдыторыі ў альма-матэр на лекцыйныя залы ў Расіі, Казахстане і Кітаі. Даведаліся, як нашы рабяты праходзяць навучанне па праграмах акадэмічнай мабільнасці і знаёмяцца з іншай культурай.
Студэнткі трэцяга курса спецыяльнасці "Электронная эканоміка" Ганна Шут і Севярына Мазоль праходзяць навучанне ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце тэхналогій кіравання і эканомікі. Па словах дзяўчат, вучоба ў іншай ВНУ дае магчымасць зірнуць на звыклыя дысцыпліны з новага боку, пазнаёміцца з рознымі падыходамі да арганізацыі заняткаў і ўключыцца ў жыццё новай студэнцкай супольнасці.
- Цікава знаёміцца з падыходамі іншых выкладчыкаў, абмяркоўваць заданні з новымі аднагрупнікамі. Такі досвед дапамагае больш упэўнена выказваць свае думкі і лепш разумець уласныя адукацыйныя інтарэсы, – падзялілася Ганна Шут.
Севярына Мазоль пагадзілася з сяброўкай і прымеціла: асабліва каштоўна тое, што навучанне ў іншым універсітэце гарманічна спалучаецца з новымі знаёмствамі і вывучэннем горада.
У гэты ж час студэнт трэцяга курса спецыяльнасці "Электронная эканоміка" Мікіта Хілько і студэнт трэцяга курса спецыяльнасці "Эканоміка і кіраванне" Павел Лапіцкі атрымліваюць вопыт міжнароднага навучання ў Астане. Яны ўдзельнічаюць у праграме акадэмічнай мабільнасці ў Еўразійскім нацыянальным універсітэце імя Л.М. Гумілёва. Навучанне ў Казахстане дае магчымасць пазнаёміцца з іншым акадэмічным асяроддзем і набыць вопыт міжкультурных зносін.
- Самае цікавае для мяне - гэта магчымасць убачыць, як арганізавана навучанне ў іншым універсітэце, і пагутарыць са студэнтамі з розным вопытам і поглядамі, - адзначыў Мікіта Хілько.
Адразу тры прадстаўнікі факультэта эканомікі і кіравання Купалаўскага ўніверсітэта зараз праходзяць навучанне ў Маскве, у Вышэйшай школе эканомікі. Гэта студэнты трэцяга курса спецыяльнасці "Сусветная эканоміка" Данііл Цынцэвіч і Вольга Мандрык, а таксама студэнтка спецыяльнасці "Фінансы і крэдыт" Анастасія Лобік. Для іх акадэмічная мабільнасць дае магчымасць пашырыць навучальны вопыт, пазнаёміцца з новым асяроддзем і рэалізаваць уласныя прафесійныя інтарэсы.
Данііл Цынцэвіч прызнаўся, што навучанне ў новых умовах дае яму магутны імпульс для росту:
- Акадэмічная мабільнасць дае магчымасць паспрабаваць сябе ў новых умовах. Калі трапляеш у новае адукацыйнае асяроддзе, пачынаеш па-іншаму ацэньваць свае моцныя бакі і разумець, якія навыкі варта развіваць. Гэты досвед дае дадатковую матывацыю да вучобы.
Яшчэ адзін студэнт, які ўдзельнічае ў праграме акадэмічнай мабільнасці - трэцякурснік спецыяльнасці "Сусветная эканоміка" Мацвей Смятанка. У цяперашні час ён праходзіць навучанне ў Ланьчжоўскім універсітэце ў Кітаі. Яго адукацыйны маршрут аб'ядноўвае вучобу ў замежнай ВНУ і знаёмства з іншым культурным асяроддзем. Як падзяліўся сам купалавец, для яго паездка ў Кітай - зусім новы вопыт, але навучанне яму вельмі падабаецца.
Нягледзячы на розныя краіны і ўніверсітэты, удзельнікаў праграм аб'ядноўвае імкненне да новых ведаў і гатоўнасць спрабаваць сябе ў нязвыклых умовах. Акадэмічная мабільнасць для іх - гэта не толькі вучоба за межамі свайго ўніверсітэта, але і вопыт самастойных рашэнняў, новых знаёмстваў і асобаснага росту.
Жадаем купалаўцам паспяховай вучобы і яркіх адкрыццяў!