9 кастрычніка ў Гродне адбылася знакавая падзея для сістэмы адукацыі і медыясферы рэгіёну. Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы сумесна з партнёрамі афіцыйна запусціў працу медыягрупы на базе профільнага класа сярэдняй школы № 40 імя У. І. Крамко горада Гродна.
З прывітальным словам да прысутных звярнулася рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.
– Тое мерапрыемства, на якім мы знаходзімся – гэта вынік нашага цеснага ўзаемадзеяння з тэлерадыёвяшчальнай кампаніяй «Гродна Плюс», – адзначыла Ірына Фёдараўна. – Я хачу сказаць дзякуй Сяргею Генадзевічу за тую працу, якую мы праводзім разам з ім.
Старшыня Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта Андрэй Хмель падкрэсліў важнасць магчымасці для моладзі загадзя пачаць падрыхтоўку па будучым профілі.
– Асноўная задача сёння – прафесійная арыентацыя дзяцей і моладзі. Мы не навязваем гэта сілай, але ствараем магчымасці для дзяцей і іх бацькоў выбраць на пэўным этапе сваю будучыню. Не заўсёды тыя дзеці, якія вучацца ў профільных класах, у выніку паступаюць па напрамках, да якіх іх рыхтавалі. Рашэнне можа мяняцца. Аднак важна сама магчымасць.
У рамках сустрэчы прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы, Тэлерадыёвяшчальнага канала «Гродна Плюс», сярэдняй школы № 40 ім. В.І. Крамко і аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама падпісалі план далейшай працы. Узаемадзеянне прадугледжана па пяці напрамках: арганізацыя навучальнага працэсу, правядзенне прафарыентацыі, павышэнне прэстыжу прафесіі журналіста, падрыхтоўка да ўступнага іспыту «Творчасць», работа з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі. У распараджэнні навучэнцаў самавітая матэрыяльная база – уласны школьны медыяцэнтр, пляцоўка вучэбна-навукова-вытворчага аб'яднання «Студэнцкі медыяцэнтр» пры кафедры журналістыкі Купалаўскага універсітэта, а таксама студыйныя комплексы тэлерадыёвяшчальнага канала «Гродна Плюс». Дзесяцікласнікі вывучаюць на паглыбленым узроўні рускую мову, гісторыю Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі, знаёмяцца з вопытам работы журналістаў тэлерадыёвяшчальнага канала «Гродна Плюс», асаблівасцямі практыка-арыентаванай адукацыі ў Купалаўскім універсітэце і зацікаўлены ў паступленні на спецыяльнасці «Журналістыка» і «Інфармацыя і камунікацыя».
Ініцыятары праекта ўпэўнены, што стварэнне медыягрупы на базе профільнага класа адпавядае патрабаванням часу: адлюстроўвае ўдзел заказчыкаў кадраў у падрыхтоўцы спецыялістаў, забяспечвае сінтэз навукі, адукацыі і вытворчасці, дае магчымасць выбудаваць поўны цыкл падрыхтоўкі кадраў для заўтрашняга дня.
Даведачна: адзначым, што чатырохбаковая дамова аб стварэнні медыягрупы была падпісаная яшчэ ў лістападзе 2025 года на пляцоўцы Купалаўскага ўніверсітэта. Ініцыятарам праекта выступіў заказчык кадраў – тэлерадыёвяшчальны канал «Гродна Плюс». Мэта ўзаемадзеяння – забяспечыць са школьнай лавы сінхранізацыю падрыхтоўкі журналісцкіх кадраў з актуальнымі і перспектыўнымі патрэбамі эканомікі рэгіёну.