18 верасня ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы адбылося маштабнае спартыўнае мерапрыемства – першы этап Рэспубліканскай універсіяды 2026/2027 навучальнага года «Бітва факультэтаў». На полі сустрэліся каманды ўсіх факультэтаў Купалаўскага ўніверсітэта, а таксама каманды Гуманітарнага і Тэхналагічнага каледжаў.
Старт мерапрыемству дало ўрачыстае шэсце каманд. У суправаджэнні гучных апладысментаў 15 каманд прайшлі па спартыўным полі, вітаючы балельшчыкаў і дэманструючы непахісную волю да перамогі. На чале калоны ішоў начальнік спартыўнага клуба - майстар спорту міжнароднага класа, чэмпіён свету сярод вайскоўцаў, неаднаразовы прызёр чэмпіянатаў Еўропы, сярэбраны прызёр другіх Еўрапейскіх гульняў Аляксандр Грабавік.
Пахварэць за каманды прыйшлі не толькі студэнты, але і адміністрацыя Купалаўскага ўніверсітэта і ганаровыя госці. Да купалаўцаў далучыліся рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, першы прарэктар Аляксандр Карэўскі і прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Васіль Сянько. Таксама на мерапрыемстве прысутнічаў начальнік аддзела спорту Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта Аляксандр Нарута.
З прывітальным словам да прысутных звярнулася Ірына Фёдараўна. Гаворачы аб універсіядзе, яна адзначыла:
– Кажуць: «О спорт, ты – мір!», і гэта праўда. Спорт гаворыць на мове свету. Спорт – гэта не толькі спаборніцтва, спорт – гэта сяброўства, спорт – гэта выкананне правілаў. Спорт не патрабуе ведання якой-небудзь мовы, таму што ёсць асобная спартовая мова і ёсць правілы, якія існуюць у розных відах спорту.
Таксама Ірына Фёдараўна падзякавала ўсім удзельнікам, трэнерам і балельшчыкам, дзякуючы якім у леташняй Рэспубліканскай універсіядзе Купалаўскі ўніверсітэт заняў другое месца, а таксама пажадала імкнуцца да новых дасягненняў.
Начальнік аддзела спорту Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта Аляксандр Нарута звярнуўшыся да прысутных адзначыў бесперапынную сувязь сённяшняга спартыўнага мерапрыемства з мінулым Днём народнага адзінства:
– Толькі ўчора ў нас было дзяржаўнае свята, якое аб'ядноўвае ўсіх жыхароў нашай прыгожай роднай краіны, а сёння мы праводзім спартыўнае мерапрыемства, якое аб'ядноўвае наша маладое пакаленне.
Аляксандр Мікалаевіч таксама пажадаў заўсёды і ўсюды ісці толькі наперад і падчас першага этапа Рэспубліканскай універсіяды дасягнуць добрых вынікаў.
Пасля ўрачыстых слоў надышоў час праверыць, хто з удзельнікаў хутчэйшы, вышэйшы і мацнейшы. Праграма спаборніцтваў уключала як асабістыя, так і камандныя дысцыпліны. Мужчыны выяўлялі наймацнейшых у бегу на 100 і 800 метраў, штурханні ядра, скачках у даўжыню і вышыню, а таксама ў эстафетах 4х100 і 4х400 метраў. Жанчыны спаборнічалі ў бегу на 100 і 400 метраў, штурханні ядра, скачках у даўжыню і вышыню, а таксама ў камандных эстафетах 4х100 і 4х400 метраў.
Сваімі эмоцыямі ад удзелу ва ўніверсіядзе падзялілася студэнтка першага курса факультэта фізічнай культуры Вікторыя Ілючак.
– Я студэнтка першага курса і ўдзельнічаю ва ўніверсіядзе ўпершыню, таму эмоцыі проста зашкальваюць. Вельмі жадаецца пазнаць час, з якім я прабегла.
Вікторыя ўпэўнена, што спаборніцтвы пройдуць цікава, бо сярод удзельнікаў шмат моцных спартсменаў.
Першыя вынікі былі падведзены яшчэ ў сярэдзіне спаборніцкага дня. Вызначыліся пераможцы ў асабістых дысцыплінах: у мужчын – у бегу на 100 метраў і штурханні ядра, а ў жанчын – у бегу на 100 і 400 метраў і штурханні ядра.
Падчас спаборніцтваў арганізатары таксама падрыхтавалі забаўляльную праграму для гледачоў. Для іх правялі спартыўны квэст, футбольныя і валейбольныя конкурсы, а таксама знаёмства са спартыўнымі секцыямі ГрДУ імя Янкі Купалы.
Фіналам свята стала ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў сярод мужчын і жанчын у эстафетах, скачках у вышыню і даўжыню, а таксама ўзнагароджанне пераможцаў у агульнакамандным першынстве. Пераможцам сярод жаночых каманд стала каманда факультэта фізічнай культуры, другое месца заняў Гуманітарый каледж, а трэцяе месца дасталася юрыдычнаму факультэту. Сярод мужчынскіх каманд перамогу атрымаў факультэт фізічнай культуры, другое месца заняў ваенны факультэт, а трэцяе месца заняў фізіка-тэхнічны факультэт.