Сустрэча з прафесарска-выкладчыцкім і студэнцкім актывам універсітэта прайшла 14 верасня ў рамках дыскусійнага клуба «Жанчына.by».
Сёння ў Купалаўскім універсітэце адбылося першае пасяджэнне дыскусійнага клуба «Жанчына.by» – медыйна-камунікацыйнага праекта, створанага з мэтай фарміравання ў маладзёжным асяроддзі пазітыўнага вобраза паспяховай беларускай жанчыны і сямейных каштоўнасцей.
Першай госцяй сустрэчы стала прафесар, доктар юрыдычных навук, намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, шматдзетная маці Вольга Чупрыс. Вольга Іванаўна падзялілася са студэнцкай моладдзю асабістай гісторыяй поспеху і адказала на хвалюючыя пытанні.
Прадставіла госцю ўдзельнікам мерапрыемства рэктар універсітэта Ірына Кітурка:
– Многія блізкія сэрцу слова – жаночага роду: «мама», «Радзіма», «вера», «надзея», «каханне» – гэта тое, без чаго нельга ўявіць жыццё чалавека. Сёння мы закладваем новую традыцыю – адкрываем дыскусійны клуб пад «мілагучнай »назвай Жанчына.by». У нас ёсць унікальная магчымасць задаць пытанні выдатнай лэдзі, якая да гэтага моманту паспела дабіцца многага.
Вольга Іванаўна Чупрыс працавала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, прайшла шлях ад выкладчыка да прарэктара па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях, таму выдатна знаходзіць агульную мову са студэнцкай аўдыторыяй і актыўна падтрымлівае дзяржаўную маладзёжную палітыку.
Падчас свайго выступлення госця падзякавала купалаўцам за запрашэнне, адзначыла плённае шматгадовае супрацоўніцтва з юрыдычным факультэтам ГрДУ імя Янкі Купалы. Ключавой тэмай яе даклада стала апісанне партрэта сучаснай беларускай жанчыны.
Як расказала Вольга Чупрыс, паводле звестак Белстата, у Беларусі пражывае 53,9% жанчын ад агульнай колькасці насельніцтва краіны. З іх 80% – гараджанкі, 20% пражываюць у сельскай мясцовасці. У працаздольным узросце працуюць 85,6 працэнта жанчын. Сярод кіруючых кадраў амаль 50 працэнтаў жанчын. Большасць з іх заняты ў сферы паслуг, аховы здароўя, адукацыі, фінансавай і страхавой дзейнасці, а таксама навукова-тэхнічнай сферы. Жанчыны складаюць 38% ад агульнай колькасці вучоных. Сярод кандыдатаў навук – 40% жанчын, з вучонай ступенню доктара навук – каля 22%.
– Па паказчыках удзелу жанчын у навуковай дзейнасці мы апярэджваем Чэхію, Венгрыю, Японію, Францыю, Нідэрланды, Фінляндыю, Швецыю, Італію, Турцыю і шэраг іншых краін. Пры гэтым кожная пятая жанчына адносіцца да катэгорыі маладых вучоных. Гэта сведчыць аб тым, што ў нас вялікі патэнцыял і вялікі інтэлектуальны жаночы рэсурс, – адзначыла Вольга Іванаўна.
Таксама яна прывяла асноўныя статыстычныя даныя, якія датычацца ўступлення жанчын у шлюб і нараджэння дзяцей, і падкрэсліла, што ў нашай краіне робіцца вельмі шмат для падтрымкі маладых сем'яў. Акрамя таго, Вольга Чупрыс прывяла формулу жыццёвых каштоўнасцей беларусаў, у якую ўваходзяць моцнае здароўе, сям'я, стабільны даход і мірнае неба над галавой. Як адзначыла спікер, грамадзяне нашай краіны ганарацца мірным жыццём, якасцю прадуктаў харчавання, чысцінёй і добраўпарадкаваннем населеных пунктаў, захаваннем гістарычнай памяці і сацыяльнай абароненасцю.
Далей былі пытанні да спікеру. Яны датычыліся прымянення вопыту работы Вольгі Іванаўны ў акадэмічным асяроддзі ў сферы дзяржкіравання, тэматыкі зваротаў грамадзян на асабістых прыёмах, а таксама пошуку балансу паміж кар'ерай і мацярынствам. Акрамя таго, удзельнікі актыўна абмяркоўвалі тэму сямейных традыцый, нараджэнні і выхавання дзяцей.
Фразы Вольгі Іванаўны хацелася запісваць як сапраўдныя формулы поспеху. Напрыклад: «Усё добра атрымліваецца, калі ёсць сям'я», «Жыць трэба так, каб перад людзьмі не было сорамна"«. Госця шчодра дзялілася з удзельнікамі дыскусійнага клуба мудрымі парадамі, але асабліва кранальна прагучалі яе асабістыя жыццёвыя гісторыі.
Сваімі ўражаннямі ад сустрэчы падзялілася старшыня студэнцкай рады ГрДУ імя Янкі Купалы, студэнтка 4-га курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Карына Місцюк:
– Ужо першая сустрэча з Вольгай Чупрыс паказала высокі патэнцыял нашай ініцыятывы. Мы атрымалі магчымасць даведацца аб унікальным вопыце жанчыны, якая дасягнула высокіх вынікаў у акадэмічнай сферы, сферы кіравання, стала мамай траіх сыноў. Гэта вельмі натхняе і служыць усім нам яскравым прыкладам.
Студэнтка 2-га курса педагагічнага факультэта Мар'я Мацюк адзначыла, што гэта сустрэча яе натхніла на новыя адкрыцці, сваім асабістым прыкладам паказала, што можна паспяхова сумяшчаць дзяржаўную службы і мацярынства.
З упэўненасцю можна сказаць, што праект «Жанчына.by» у Год беларускай жанчыны дапаможа купалаўскай моладзі пазнаёміцца з сапраўды яркімі, дастойнымі жанчынамі Беларусі – лідарамі ў сферы кіравання, навукі, адукацыі і культуры.
Больш інфармацыі пра першую сустрэчу дыскусійнага клуба «Жанчына.by» можна атрымаць, перайшоўшы па спасылках: