Ужо зусім хутка ў Гродне адбудзецца маштабная падзея - Дзень горада, прымеркаваны да яго 898-годдзя. Сёлета ўрачыстасць пройдзе пад агульнай канцэпцыяй "Гродна - горад-свята, горад шчаслівых людзей".
Святкаванне пачнецца 4 верасня з форума "Турыстычны дыялог", які прыме Новы замак. Затым удзельнікаў чакае цырымонія ўскладання кветак да помніка савецкім воінам і партызанам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Асаблівым мерапрыемствам гэтага дня стане ўрачыстае адкрыццё памятнай пліты на Алеі кіно, прысвечанай фільму "ГДР". Кульмінацыяй вечара стане фестываль ліхтарыкаў.
Асноўная праграма запланавана на 5 верасня. У гэтую суботу цэнтр Гродна ператворыцца ў яркую і шумную святочную пляцоўку. Гасцей чакаюць спартыўна-гульнявыя і патрыятычныя лакацыі, а таксама зона па матывах народных свят. Наведвальнікі змогуць паглядзець тэатральныя пастаноўкі пад адкрытым небам, зазірнуць на пляцоўку, прысвечаную Году беларускай жанчыны, набыць рамесныя вырабы і палюбавацца неверагоднай прыгажосці кампазіцыямі на выставе "Кветка-ФЭСТ".
У рамках праграмы пройдуць два яркія фестывалі: XIII Сырны фестываль і фестываль гародніны «#СочнаЯркаКарысна!». Сырнае свята парадуе дэгустацыяй лепшых беларускіх сыроў, кулінарнымі майстар-класамі, конкурсамі і віктарынамі са смачнымі прызамі. Таксама кожны наведвальнік зможа стаць сведкам устанаўлення рэкорду па стварэнні самай вялікай сырнай талеркі.
На фестывалі агародніны ўдзельнікі змогуць не толькі прадэгуставаць плён, але і купіць плодаагародніну і насенне. Для жадаючых правядуць майстар-класы па нарэзцы гародніны і прышчэпцы сеянцоў тамата на прышчэпы гарбуза. Акрамя таго, гасцей чакаюць выстава розных сартоў агародніны і садавіны, а таксама конкурс кампазіцый з агародніны.
На Дні горада выступяць калектывы народнай творчасці, удзельнікі шоу "Х-фактар-Дзеці!", вакальныя ансамблі, гурты і выканаўцы джаза, блюзу і хард-рока. Хэдлайнерам свята стане расійскі артыст МОТ.
Актыўным удзельнікам урачыстасці стане Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. У рамках тэматычнай пляцоўкі «Перамога. Незалежнасць. Мужнасць» купалаўцы адкрыюць «Ваенны кінатэатр», інтэрактыўную зону для дзяцей «Лясная школа», а таксама пляцоўкі «Зброевая майстэрня» і «Дарогамі перамогі».
Новаўвядзеннем гэтага года стане інтэрактыўны квэст "Пашпарт удзельніка свята", у якім зможа прыняць удзел кожны госць Дня горада. Для гэтага неабходна будзе атрымаць спецыяльны пашпарт у адной з двух стартавых кропак - на вуліцы Элізы Ажэшкі або на Савецкай плошчы, а затым сабраць пячаткі з лагатыпам свята на кожнай з 10 тэматычных зон. Той, хто выканае ўсе заданні і збярэ ўсе адзнакі, атрымае памятны сувенір.
Кульмінацыяй свята стане яркі феерверк.
Запрашаем купалаўцаў далучыцца да святкавання! Больш падрабязна з мерапрыемствамі Дня горада можна азнаёміцца ў праграме.