Сёлета да субяседвання было дапушчана 24 абітурыенты, 23 з якіх з'яўляюцца выпускнікамі класаў педагагічнай накіраванасці і адзін – інжынернай. Выпускнікам даступны спецыяльнасці «Беларуская філалогія», «Біялогія», «Гісторыя», «Пачатковая адукацыя», «Руская філалогія», «Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя» і «Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя». Дзеці прадставяць свае партфоліё і адкажуць на пытанні экзаменацыйных білетаў.
Субяседванне – галоўнае выпрабаванне для навучэнцаў, якія скончылі профільныя класы. Паспяховае яго праходжанне гарантуе абітурыенту залічэнне на выбраны факультэт.
На сайце abit.by для абітурыентаў Купалаўскага ўніверсітэта даступная ўнікальная магчымасць – зарэгістравацца і стварыць асабісты Лічбавы кабінет. У ім можна дыстанцыйна запоўніць заяву на паступленне, прымацаваць электронныя копіі дакументаў і даслаць іх на праверку ў прыёмную камісію. Таксама сэрвіс дазваляе звязацца анлайн з дэканамі факультэтаў або членамі прыёмнай камісіі, здзейсніць віртуальную экскурсію па карпусах і падрабязна азнаёміцца з усімі спецыяльнасцямі ГрДУ. Менавіта ў Лічбавым кабінеце абітурыента на працягу 15 хвілін пасля пасяджэння прыёмнай камісіі з'явіцца інфармацыя аб залічэнні ва ўніверсітэт.
Пажадаем удачы будучым купалаўцам!