З 11 мая па 4 чэрвеня ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы праходзіў конкурс сеткавых праектаў «Мы – беларусы». Мерапрыемства было накіравана на выхаванне грамадзянскасці, нацыянальнай самасвядомасці і асабістай адказнасці моладзі за захаванне і развіццё беларускай мовы і культурных традыцый.
Аўтарам і арганізатарам конкурсу выступіла дацэнт кафедры сучасных тэхналогій праграмавання, кандыдат педагагічных навук Ніна Макарава. У творчым спаборніцтве прынялі ўдзел шэсць каманд, якія аб’ядналі студэнтаў факультэта матэматыкі і інфарматыкі, замежных студэнтаў, а таксама навучэнцаў Гімназіі № 4 імя Д.У. Казакевіча горада Гродна і нават прадстаўнікоў Растоўскага каледжа культуры (Расія).
Конкурс праводзіўся ў тры этапы: «Як размаўляць па-беларуску прыгожа?», «Як праявіць любоў да роднай Беларусі?» і заключны этап публічнай прэзентацыі сеткавых праектаў.
Сёння, 4 чэрвеня, адбылося фінальнае мерапрыемства конкурсу і ўзнагароджанне пераможцаў.
Гран-пры конкурсу атрымала каманда «Бусляняты», у склад якой увайшлі навучэнцы Гімназіі № 4 імя Д.У. Казакевіча горада Гродна. Дыплом I ступені атрымала каманда «Маналiт», у складзе якой – студэнт 2 курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі Андрэй Сіплівеня. Дыплом II ступені заваявала каманда «Матэматыкі», у склад якой увайшлі студэнты 3 курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі: Максім Забароўскі, Ульяна Войдак, Паліна Кухарэвіч, Сцяпан Савіцкі і Дзяніс Ванэлік. Яшчэ адзін Дыплом II ступені дастаўся камандзе «Акцэнт кахання», у складзе якой – студэнты факультэта матэматыкі і інфарматыкі Акнабат Іламанава і Шагелдзі Аллабаеў. Каманда «Васiлёк» атрымала Дыплом III ступені. У складзе каманды – Святлана Пашко з Растоўскага каледжа культуры. Яшчэ адзін Дыплом III ступені дастаўся камандзе «Зоркія дзяўчаты», у склад якой увайшлі студэнткі 2 курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі Мамыш Непесава, Махры Акмырадава і Махрыбан Даўлетгелдзіева.
Віншуем пераможцаў і ўдзельнікаў конкурсу! Прыемна адзначыць, што цікавасць да беларускага слова і культуры аб’ядноўвае не толькі філолагаў, але і будучых праграмістаў, матэматыкаў, а таксама нашых замежных гасцей і сяброў.