З 12 па 14 мая на юрыдычным факультэце праходзіла міжнародная студэнцкая анлайн-школа «Памяць без тэрміна даўніны», прымеркаваная да 81-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Арганізатарамі навуковага форуму выступілі юрыдычныя факультэты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Ніжагародскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.І. Лабачэўскага.
У першы дзень студэнты дзвюх устаноў вышэйшай адукацыі сталі слухачамі лекцый дацэнта кафедры крымінальнага права і працэсу ННГУ імя М.І. Лабачэўскага Андрэя Фядулава «Прававая абарона гістарычнай памяці: супрацьдзеянне фальсіфікацыі падзей Вялікай Айчыннай вайны», намесніка пракурора горада Гродна Аляксандра Седача «Аб выніках расследавання крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны» і дацэнта кафедры крымінальнага права, крымінальнага працэсу і крыміналістыкі ГрДУ імя Янкі Купалы Ірыны Майсеевай «Злачынствы, якія замахваюцца на бяспеку чалавецтва, як інструмент забеспячэння глабальнага правапарадку і крымінальна-прававая абарона гістарычнай праўды на нацыянальным узроўні».
13 мая студэнты з Беларусі і Расіі праслухалі лекцыі дацэнтаў кафедры крымінальнага права і працэсу ННДУ імя М.І. Лабачэўскага Андрэя Фядулава «Як даказвалі генацыд: расследаванні Надзвычайнай Дзяржаўнай Камісіі і Нюрнбергскі Вайсковы трыбунал» і Яўгена Царова «Процідзеянне рэабілітацыі нацызму», а таксама загадчыка кафедры грамадзянскага права і працэсу ГрДУ імя Янкі Купалы Ігара Мартыненкі «Прававая ахова гістарычнай спадчыны Саюзнай дзяржавы ў рамках канцэпцыі ваенна-мемарыяльнага права».
У апошні дзень, 14 мая, у фармаце круглага стала слова было дадзена студэнтам, якія робяць упэўненыя крокі ў навуцы, – удзельнікам канферэнцый, круглых сталоў і аўтарам навуковых артыкулаў.
Напрыканцы працы міжнароднай студэнцкай анлайн-школы ўдзельнікі сышліся на думцы: пакуль жывая памяць аб подзвігу продкаў – гераічная спадчына Перамогі застаецца трывалым падмуркам для будучыні Беларусі і Расіі.