З 15 па 16 красавіка ў Грамадска-культурным цэнтры горада Гомеля ў рамках Digital Week Gomel прайшла ІІІ Рэспубліканская алімпіяда па інфармацыйных тэхналогіях сярод студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі IT-Challenge. Па выніках спаборніцтваў каманда ГрДУ імя Янкі Купалы стала прызёрам мерапрыемства.
Удзельнікамі алімпіяды сталі 14 каманд з 13 універсітэтаў Беларусі. Каманду Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прадставілі студэнты факультэта матэматыкі і інфарматыкі: студэнт чацвёртага курса спецыяльнасці «Камп'ютарная бяспека (матэматычныя метады і праграмныя сістэмы)» Максім Будрэвіч, студэнт трэцяга курса спецыяльнасці «Праграмная інжынерыя» Арсеній Камароў, студэнты другога курса спецыяльнасці «Праграмная інжынерыя» Ілля Коншын і Міхаіл Лахніцкі, а таксама студэнт другога курса спецыяльнасці «Штучны інтэлект» Уладзіслаў Снягурскі.
У рамках мерапрыемства іх чакалі заданні, звязаныя са штучным інтэлектам, праграмаваннем, алгарытмамі, аналізам даных і інфармацыйнай бяспекай. Удзельнікам трэба было навучыць беспілотны транспарт праходзіць трасы без закранання перашкод, аўтаматычна вызначаць пагрозы. Таксама неабходна было выканаць некалькі заданняў, каб дастаць сакрэтны ключ.
Па выніках інтэлектуальнага турніру каманда Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы стала ўладальнікам трэцяга месца, прадэманстраваўшы свае навыкі ў сферы праграмавання і штучнага інтэлекту.
Віншуем купалаўцаў з прызавым месцам і жадаем ім далейшых поспехаў!