Набор для атрымання агульнай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту павялічаны на 27 месцаў, на платнай аснове зменшаны на 94 месцы.
Для абітурыентаў 2026 года выдзелена 1469 месцаў для атрымання агульнай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту, 845 - на платнай аснове. На дзённую бюджэтную форму навучання змогуць паступіць 1202 чалавекі, што на 27 месцаў перавышае набор 2025 года. Стаць студэнтамі дзённай платнай формы навучання змогуць 605 чалавек, што на 82 чалавекі менш, чым у 2025 годзе. Завочная бюджэтная форма як і ў 2025 годзе складае 267 чалавек. Стаць студэнтамі завочнай платнай формы навучання змогуць 240 чалавек, што на 13 чалавек больш за 2025 год.
У прэс-службе ГрДУ імя Янкі Купалы адзначылі, што змяненне плана набору звязана з адкрыццём новай спецыяльнасці - "Інжынерна-тэхнічнае праектаванне і вытворчасць матэрыялаў і вырабаў з іх". Для паступлення трэба здаць тры ўступныя іспыты: беларускую або рускую мову (ЦЭ або ЦТ), матэматыка (ЦЭ або ЦТ), фізіка (ЦЭ або ЦТ). Навучанне працягнецца 4 гады, пасля заканчэння студэнты атрымаюць кваліфікацыю «Інжынер» і ступень бакалаўра.
Пасля навучання выпускнік, атрымаўшы кваліфікацыю "Інжынер", зможа працаваць у сферы лічбавых тэхналогій на прадпрыемствах і ў праектна-канструктарскіх арганізацыях. Акрамя таго адноўлены набор па спецыяльнасці "Дызайн касцюма і тэкстылю" ў дзённай форме, па спецыяльнасці "Правазнаўства" ў завочнай поўнай форме і "Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі" ў завочнай скарочанай форме атрымання адукацыі.
Нагадаем, што ў 2025 годзе факультэт біялогіі і экалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы аб'явіў аб наборы на спецыяльнасць «Біяінжынерыя і біяінфарматыка». Для паступлення трэба здаць тры ўступныя іспыты: па рускай або беларускай мове (у форме ЦЭ), біялогіі (у форме ЦЭ або ЦТ) і хіміі (у форме ЦЭ або ЦТ). Пасля чатырох гадоў навучання па спецыяльнасці выпускнік атрымае кваліфікацыю «Біяіжэнер-біяінфарматык» і ступень бакалаўра.
У прэс-службе нагадалі, што для ўсіх першакурснікаў ГрДУ імя Янкі Купалы дзейнічае праграма "Універсітэт - твой дом", у рамках якой усім іншагароднім студэнтам 1 курса дзённай формы атрымання агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі даецца месца ў інтэрнаце.
Ужо не адзін год прыёмная камісія ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы працуе не толькі ў рэальнай, але і ў віртуальнай прасторы.
У рамках лічбавай прыёмнай камісіі ГрДУ імя Янкі Купалы прапануе кожнаму абітурыенту зарэгістравацца ў Лічбавым кабінеце абітурыента, у якім у рамках прыёму дакументаў будзе адлюстроўвацца ўся інфармацыя аб ходзе падачы дакументаў, удзеле ў конкурсе, выніках здачы ўступных іспытаў, аб часе і месцы правядзення розных арганізацыйных сходаў.
Зарэгістраваўшыся на сайце abit.by, абітурыент стварае свой Лічбавы кабінет абітурыента, у якім ужо зараз у любы зручны для яго час можа атрымаць анлайн прафарыентацыйную кансультацыю і выбраць спецыяльнасць па сертыфікатах, у рамках віртуальнай экскурсіі наведаць карпусы і факультэты ўніверсітэта, азнаёміцца з усімі спецыяльнасцямі ГрДУ. Янкі Купалы, а з чэрвеня зможа запоўніць заяву на паступленне, прымацаваць электронныя копіі неабходных для паступлення дакументаў, адправіць іх на праверку прыёмнай камісіі, атрымаць анлайн кансультацыю ў прадстаўніка адпаведнага факультэта, члена прыёмнай камісіі.
Асабістая прысутнасць абітурыента зведзена да мінімуму і спатрэбіцца толькі для падачы арыгіналаў дакументаў па папярэднім запісе і для здачы экзаменаў.
Менавіта ў Лічбавым кабінеце абітурыента пасля пасяджэння прыёмнай камісіі з'яўляецца інфармацыя аб выніках залічэння ва ўніверсітэт.
Дарэчы, адразу пасля залічэння ў віртуальнай прасторы ўніверсітэта ў кожнага першакурсніка таксама з'яўляецца свой асабісты кабінет з усёй неабходнай і актуальнай інфармацыяй.