Святочнае мерапрыемства адбылося ў актавай зале ўніверсітэта 6 сакавіка. Павіншаваць дарагога юбіляра сабраліся тыя, каму пашчасціла вучыцца ў прафесара і працаваць разам з ім.
Звяртаючыся да Віктара Пятровіча з цёплымі словамі віншавання, рэктар універсітэта Ірына Кітурка адзначыла:
- Дух захоплівае ад маштабу асобы, чый юбілей мы святкуем сёння. Віктар Пятровіч Таранцей і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы – непадзельныя. Віктар Пятровіч - выпускнік Гродзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута - стаў не толькі купалаўцам па дыпломе, але купалаўцам па душы. У 1979 годзе ён пачаў працоўную дзейнасць выкладчыка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы пасля заканчэння аспірантуры Акадэміі педагагічных навук СССР у Маскве і абароны кандыдацкай дысертацыі. І з таго часу заўсёды быў на адказных пасадах: узначальваў партыйны камітэт, загадваў кафедрай, быў прарэктарам, больш за 20 гадоў узначальваў факультэт. Яго імя прызнана ў навуковай супольнасці. Ён мае 15 абароненых вучняў, 9 з якіх у нашай краіне і 6 - у Казахстане. Яго навукова-педагагічная школа расце і развіваецца, а заслугі прызнаны ў дзяржаўным і сусветным маштабе. Таксама Ірына Фёдараўна адзначыла, што Віктар Пятровіч падрыхтаваў 4 часткі летапісу ўніверсітэта, якія сёння знаходзяцца ва ўсеагульным доступе.
Свой выступ Віктар Пятровіч пачаў з цытаты Ісаака Ньютана: «Не ведаю як іншыя, а я адчуваю сябе дзіцем, якое блукае ўвесь дзень у вады, знаходзячы то ракавіну, то адшліфаваны хваляй каменьчык, тады як велізарны акіян ісціны распасціраецца перад ім, бязмежны, недаследаваны». Тым самым, падводзячы вынік сваёй навуковай дзейнасці, ён адзначыў, што сапраўдная веліч навукі заключаецца ў пастаянным пошуку і ўсведамленні таго, як шмат яшчэ трэба адкрыць. Юбіляр узгадаў свой прафесійны шлях - ад школьнага настаўніка да прафесара - і адзначыў, што за 47 гадоў працы ў Купалаўскім універсітэце па непаспяховасці не быў адлічаны ніводзін студэнт. Гэта сведчыць аб высокай эфектыўнасці работы педагога: уменні матываваць, адаптаваць матэрыял і добрым псіхалагічным клімаце на занятках.
Павіншаваць Віктара Пятровіча з юбілеем прыйшлі заслужаныя дзеячы адукацыі і навукі Беларусі - доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Іван Платонавіч Мартынаў і доктар філасофскіх навук, прафесар Чэслаў Станіслававіч Кірвель. Яны выказалі надзею, што творчы патэнцыял юбіляра яшчэ не вычарпаны, і ён яшчэ шмат зробіць для навукі, адукацыі і Купалаўскага ўніверсітэта.
Для многіх Віктар Пятровіч стаў правадніком у вялікую навуку. Словы падзякі на адрас юбіляра прагучалі ад яго першай аспіранткі, а сёння рэктара Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святланы Сяргейка. Да віншавання далучыліся прарэктар па вучэбна-метадычнай рабоце Алена Казаноўская і дацэнт кафедры псіхолага-педагагічнага суправаджэння адукацыі Галіна Бархерыт.
Педагагічны факультэт - гэта стварэнне юбіляра, справа ўсяго яго жыцця, якое сёння працягваюць яго вучні і паслядоўнікі. Цёплыя словы віншавання для Віктара Пятровіча прагучалі ад дэкана педагагічнага факультэта Юрыя Гняздоўскага, загадчыка кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання Ірыны Капалыгінай, загадчыка кафедры тэорыі і методыкі спецыяльнай адукацыі Наталлі Крукоўскай, намесніка дэкана Юліі Ермаловіч.
Сёння ў зале сабраліся не толькі тыя, хто працаваў з Віктарам Пятровічам на яго родным факультэце. Да віншаванняў далучыліся дэканы факультэтаў, для якіх Віктар Пятровіч заўсёды быў і застаецца мудрым настаўнікам, аўтарытэтным калегам і прыкладам служэння адукацыі і навуцы, - дэкан факультэта псіхалогіі Вольга Мітрафанава і дэкан факультэта мастацтваў і дызайну Людміла Чарнілоўская.
Навуковыя сувязі, якія Віктар Пятровіч будаваў на працягу многіх гадоў, сёння аб'ядноўваюць універсітэты розных краін. З вялікай павагай да юбіляра звярнулася госця з Казахстана – кандыдат педагагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры НАА “Казахскі агратэхнічны даследчы ўніверсітэт імя Сакена Сейфуліна” Марал Дуйсенееўна Ясекешава. Таксама на адрас юбіляра паступілі віншаванні ад калег і партнёраў з розных куткоў краіны і з-за мяжы.
З цёплымі словамі да Віктара Пятровіча звярнуўся старшыня Гарадскога савета ветэранаў Аляксандр Радзівонаў, які ўручыў юбіляру значок «Ганаровы ветэран Рэспублікі Беларусь».
Педагагічны талент Віктара Пятровіча даўно выйшаў за межы Купалаўскага ўніверсітэта. Сёння павіншаваць юбіляра прыйшлі калегі з Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта: загадчык кафедры рускай і беларускай моў Алена Пусташыла, старшы выкладчык кафедры рускай і беларускай моў Алена Флянцікава, старшы выкладчык кафедры грамадскага здароўя і аховы здароўя Алена Трусь.
Завяршылася мерапрыемства агульным фатаграфаваннем. Пасля чаго гасцей запрасілі ў Музей гісторыі развіцця ГрДУ імя Янкі Купалы, дзе яны змаглі азнаёміцца з незвычайнай старонкай жыцця юбіляра - выставай калекцыі гадзіннікаў Віктара Пятровіча.
Даведачна: Прафесар Віктар Пятровіч Таранцей з'яўляецца заслужаным работнікам адукацыі Рэспублікі Беларусь, членам Акадэміі педагагічных і сацыяльных навук Расійскай Федэрацыі, ганаровым прафесарам Тульскага педагагічнага ўніверсітэта імя Л.М. Талстога, Вышэйшай прафесійнай школы імя Ангелівуса Сілесіўса (г. Валбжых, РП), Казахскага агратэхнічнага даследчага ўніверсітэта імя С. Сейфуліна, членам Еўрапейскага савета па міжкультурнай адукацыі і Савета па параўнальнай педагогіцы краін СНД. Уладальнік шматлікіх дзяржаўных, універсітэцкіх узнагарод і прэмій: ганаровых грамат Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, ГрДУ імя Янкі Купалы. Удастоены нагруднага знака "Выдатнік адукацыі"; медалі Францыска Скарыны, "Юбілейнага медаля ў гонар 90-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь", медаля "За заслугі перад Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы", памятнага медаля "100 гадоў славянскаму руху на землях Беларусі 1909-2009 гг." і іншых. За актыўнае міжнароднае супрацоўніцтва Віктар Таранцей адзначаны Лістамі падзякі рэктараў розных ВНУ Расіі, Балгарыі, Польшчы, Казахстана, Узбекістана.