Сёння, 11 сакавіка, студэнты трох універсітэтаў: Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, а таксама Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта сустрэліся на рэгіянальным этапе рэспубліканскага конкурсу «Усебеларуская Ліга дэбатаў».
«Усебеларуская Ліга дэбатаў» – гэта рэспубліканскі конкурс, які праводзіцца з мэтай фарміравання з ліку ініцыятыўных маладых людзей будучага рэзерву кадраў для дзяржаўных органаў і арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў. Конкурс развівае крытычнае мысленне, прыцягвае студэнтаў да абмеркавання і вырашэння актуальных праблем беларускага грамадства, а таксама садзейнічае развіццю аналітычных навыкаў у маладога пакалення.
Дэбаты рэгіянальнага этапа праводзіліся па тэмах: укараненне сістэмы сацыяльнага рэйтынгу грамадзян Рэспублікі Беларусь і ўвядзенне падатку на звышспажыванне. Акрамя таго, было абмеркавана пытанне адмены льготнага крэдытавання для будаўніцтва жылля ў сталіцы на карысць рэгіёнаў.
Па выніках дэбатаў пераможцамі сталі каманды Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.