З 2 па 6 сакавіка Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы наведала загадчык кафедры грамадзянскага працэсу Саратаўскай дзяржаўнай юрыдычнай акадэміі, доктар юрыдычных навук, прафесар Аксана Ісаенкава. У праграму сустрэчы ўвайшлі навучальныя заняткі і навукова-метадычныя мерапрыемствы.
Падчас свайго візіту Аксана Ўладзіміраўна прачытала для студэнтаў 2 і 3 курса спецыяльнасцяў «Міжнароднае права», «Правазнаўства» і «Эканамічнае права» лекцыі па дысцыплінах «Грамадзянскі працэс» і «Гаспадарчы працэс». На сваіх занятках яна закранула пытанні доказу і даказвання, расказала пра іскавыя сродкі абароны, міжнародны грамадзянскі працэс і яго прынцыпы, а таксама ўдзельнікаў грамадзянскага судаводства. Таксама прафесар з Расіі Аксана Ісаенкава правяла заняткі для замежных студэнтаў і магістрантаў.
Аксана Уладзіміраўна сустрэлася і з педагагічным складам юрыдычнага факультэта. Для іх яна правяла кансультацыі па арганізацыі навучальнага працэсу з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.
Таксама Аксана Уладзіміраўна правяла кансультацыю па правядзенні дысертацыйных даследаванняў і выкарыстанні іх вынікаў у навучальным працэсе. Яе вялікі вопыт навуковага кіраўніцтва аспірантамі, дактарантамі і суіскальнікамі і шматгадовая работа ў якасці кіраўніка савета па абароне дысертацый у Саратаўскай дзяржаўнай юрыдычнай акадэміі дазволіла аспірантам і дактарантам Купалаўскага ўніверсітэта атрымаць каштоўныя веды і парады, якія дапамогуць ім пры напісанні навуковых работ.
Візіт Аксаны Уладзіміраўны стаў значнай падзеяй ва ўзаемадзеянні дзвюх ВНУ. Сустрэча не толькі дазволіла студэнтам і выкладчыкам Купалаўскага ўніверсітэта атрымаць новы вопыт, але і яшчэ больш умацавала сяброўскія адносіны паміж універсітэтамі.
Даведачна: Сустрэча з Аксанай Ісаенкавай прайшла ў рамках праграмы «Запрошаны прафесар» і дамовы аб супрацоўніцтве паміж Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і Саратаўскай дзяржаўнай юрыдычнай акадэміяй. На працягу 11 гадоў на платформе ГрДУ імя Янкі Купалы праводзіцца сумесная міжнародная навукова-практычная канферэнцыя маладых вучоных, аспірантаў, студэнтаў і магістрантаў. Таксама навукоўцы Купалаўскага ўніверсітэта і Саратаўскай дзяржаўнай юрыдычнай акадэміі маюць сумесныя публікацыі.