З 12 па 15 лютага ў выставачным павільёне па адрасе г. Мінск, пр. Пераможцаў, 14 праходзіць 23-я спецыялізаваная выстава для школьнікаў, абітурыентаў, студэнтаў, выпускнікоў ВНУ, бацькоў, прадстаўнікоў улады, бізнесу і грамадскасці «Адукацыя і кар'ера». Паказаць сябе прыехалі таксама і прадстаўнікі Купалаўскага ўніверсітэта.
З першых хвілін выставы купалаўцы яскрава заявілі пра сябе. Падчас урачыстага адкрыцця яны выступілі з літаратурна-музычнай кампазіцыяй «Купалаўцаў сям'я», а потым проста на сцэне сабралі слова «Купалавец».
Падчас адкрытай пляцоўкі майстар-класаў «Майстэрня поспеху» студэнты і выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы актыўна знаёмілі ўсіх зацікаўленых са сваёй alma-mater, расказвалі пра факультэты, спецыяльнасці і насычанае студэнцкае жыццё, а таксама дэманстравалі свае дасягненні і навыкі. Кафедра гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму арганізавала сапраўдную археалагічную выставу, дазволіўшы ўсім ахвочым дакрануцца да гісторыі. Факультэт мастацтваў і дызайну арганізаваў інтэрактыў, малюючы партрэты ўсіх ахвочых. Ваенны факультэт разгарнуў на стэндзе выставу ваенных дасягненняў, ваеннай формы адзення, зброі (АКМ, СВД), сухіх паек і беспілотных лятальных апаратаў, а таксама вучэбнае месца, дзе жадаючыя маглі праверыць свае навыкі стральбы на стралковым трэнажоры «Scatt».
Са студэнтамі і выкладчыкамі ў выставе «Адукацыя і кар'ера» прыняла ўдзел рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка. Разам з абітурыентамі пляцоўку ўніверсітэта наведаў намеснік Міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч.
Першы дзень стаў для купалаўцаў насычаным. Яны ярка і займальна прадэманстравалі магчымасці свайго ўніверсітэта і гатовы падтрымліваць высокую планку астатнія тры дні працы выставы.