Учора, 13 студзеня, у Гродне пачаўся другі этап рэпетыцыйнага тэсціравання, які працягнецца да 19 лютага. У раённых цэнтрах тэсціраванне можна прайсці 23, 24, 25 студзеня, а таксама ў рэзервовыя дні 13, 14, 15 лютага.
Рэпетыцыйнае тэсціраванне – гэта трэніровачны экзамен, які дапамагае праверыць веды і адаптавацца да фармату выпрабавання. Традыцыйна карпусы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы сталі галоўнай пляцоўкай рэгіёна, дзе збіраецца самая вялікая колькасць удзельнікаў іспытаў у вобласці. Сёння ў Купалаўскім універсітэце пробны экзамен здаюць 165 чалавек.
Інфармацыяй аб арганізацыі рэпетыцыйнага тэсціравання падзялілася Наталля Кранцэвіч, начальнік аддзела тэсціравання і прафесійнай арыентацыі моладзі цэнтра даўніверсітэцкай адукацыі.
– Калі казаць аб колькасці выкананых тэстаў, то больш чым на тысячу мы перавысілі ў параўнанні з папярэднім навучальным годам. У папярэднім навучальным годзе чатырнаццаць тысяч тэстаў выканалі абітурыенты Гродзенскай вобласці, сёлета пятнаццаць тысяч восемдзесят восем тэстаў выканана абітурыентамі нашай вобласці на базе нашага ўніверсітэта і ў раённых цэнтрах, – адзначыла Наталля Міхайлаўна.
На першым этапе рэпетыцыйнага тэсціравання абітурыенты атрымалі магчымасць здаць 14 прадметаў, а таксама выкарыстоўваць калькулятары. Перад другім этапам рэпетыцыйнага тэсціравання Міністэрства адукацыі прыняло важныя змены, якія датычацца запаўнення бланка адказаў – цяпер замест серыі і нумара пашпарта неабходна ўказваць ідэнтыфікацыйны нумар.
Падрабязная інфармацыя аб правядзенні рэпетыцыйнага тэсціравання размешчана на сайце РІКВ, там жа можна прайсці рэгістрацыю.
Для выпускнікоў школ, гімназій і каледжаў удзел у РТ – гэта паўнавартасная «рэпетыцыя» важнага выпрабавання, максімальна набліжанага да рэальнага. Праходжанне тэстаў у сценах універсітэта дазваляе рабятам аб'ектыўна ацаніць узровень сваёй падрыхтоўкі і своечасова выявіць «прабелы» ў ведах.