Сёння, 13 студзеня, у Гарадскім цэнтры культуры ўзнагародзілі пераможцаў і ўручылі дыпломы ўдзельнікам гарадскога дыстанцыйнага конкурсу вядучых "Ад мары да мэты", які праходзіў з 1 лістапада па 3 снежня. Сярод узнагароджаных - студэнты-купалаўцы.
Арганізатарамі конкурсу вядучых "Ад мары да мэты" выступілі аддзел культуры Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта і Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры. Удзел у конкурсе бралі студэнты вышэйшых навучальных устаноў і навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Гродзеншчыны.
Конкурс праходзіў у трох намінацыях: "Візітная картка", якая прадугледжвае прэзентацыю ў свабоднай форме; "Класічны канцэрт", на які трэба было падрыхтаваць творчы нумар, і "Імправізацыя", дзе ўдзельнікі дэманстравалі навыкі выразнага чытання.
Па выніках выступленняў юнакоў у намінацыі «Візітная картка» лаўрэатамі I ступені сталі студэнт 1 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Іван Музычка і студэнтка 3 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Карына Місцюк. Лаўрэатам II ступені стала студэнтка 3 курса юрыдычнага факультэта Арына Белавокая.
У намінацыі «Імправізацыя» былі ўзнагароджаны 3 студэнты Купалаўскага ўніверсітэта. Лаўрэатам I ступені стала студэнтка 1 курса факультэта біялогіі і экалогіі Аліна Патапенка. Лаўрэатам II ступені - студэнт 4 курса факультэта біялогіі і экалогіі Ягор Сяўрук, а лаўрэатам III ступені названа студэнтка 1 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Міліса Стэфановіч.
Дыпломам удзельніка была ўзнагароджана Паліна Болбат, студэнтка 2 курса факультэта эканомікі і кіравання.