З 5 па 6 студзеня ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы былі арганізаваны лекцыі, майстар-класы, практычныя заняткі, квэсты і квізы ад вопытных выкладчыкаў у рамках шматпрофільнай школы "Купалаўскі старт".
“Купалаўскі старт” – шматпрофільная школа, якая дае будучым студэнтам магчымасць пазнаёміцца з універсітэцкім жыццём, даведацца пра паступленне ў ВНУ і прапанаваныя спецыяльнасці, а таксама асабіста пагутарыць з выкладчыкамі.
У першы дзень працы, 5 студзеня, для інжынерных класаў быў арганізаваны майстар-клас "3D-мадэляванне ў будаўніцтве", які правёў Аляксей Савіцкі, выкладчык кафедры архітэктуры і будаўніцтва інжынернага факультэта. Таксама абітурыенты наведалі лекцыю па тэме "Займальная астраномія", арганізаваную фізіка-тэхнічным факультэтам. У якасці дакладчыка выступіў Антон Лісковіч, выкладчык кафедры тэарэтычнай фізікі і цеплатэхнікі. На факультэце біялогіі і экалогіі арганізавалі заалагічны квіз, які правёў выкладчык кафедры сістэмнай біялогіі Вадзім Стасюкевіч. Для педагагічных класаў на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму Наталля Казлоўская, дацэнт кафедры ўсеагульнай і славянскай гісторыі, правяла майстар-клас "Школа юнага гісторыка". Святлана Горская, дацэнт кафедры рускай філалогіі, правяла майстар-клас "Я да Вас пішу", на якім разгледзелі тэорыю ліста і выканалі практычныя заданні. Педагагічны факультэт арганізаваў “Лагапедычны калейдаскоп”, які правяла Аксана Фаміна, старшы выкладчык кафедры тэорыі і методыкі спецыяльнай адукацыі.
У другі дзень, 6 студзеня, для навучэнцаў педагагічных і інжынерных класаў выкладчыкі Купалаўскага ўніверсітэта таксама правялі шэраг мерапрыемстваў. Для інжынерных класаў быў праведзены майстар-клас «Кібербяспека і ШІ» старшым выкладчыкам кафедры сучасных тэхналогій праграмавання Марынай Міснік. На інжынерным факультэце быў арганізаваны "Інжынерны МазгаКвіzzz" пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры машыназнаўства і тэхнічнай эксплуатацыі аўтамабіляў Паўла Шупана. Для класаў педагагічнай накіраванасці на факультэце мастацтваў і дызайну старшы выкладчык кафедры музычнага мастацтва Ганна Брагіна правяла адукацыйны квэст "Спадчына". На філалагічным факультэце прайшла лекцыя “У свеце таямніц і загадак: беларуская міфалогія і фальклор”. Яе правялі загадчык кафедры беларускай філалогіі Алена Садоўская, дацэнты кафедры беларускай філалогіі Святлана Тарасава і Руслан Казлоўскі.
У рамках шматпрофільнай школы "Купалаўскі старт" удзельнікі змаглі прымяніць атрыманыя веды на практыцы, даведаліся з першых вуснаў аб праграмах, уступных іспытах і студэнцкім жыцці, а таксама абзавяліся новымі знаёмствамі.