Убачыў свет 12 нумар рэспубліканскага навуковага і метадычнага часопіса «Роднае слова», прысвечаны 85 годдзю філалагічнай адукацыі ў Купалаўскім універсітэце. Змест выдання склалі артыкулы, аўтарамі якіх з’яўляюцца як выкладчыкі ўніверсітэта, так і яго выпускнікі.
Пачынаецца нумар артыкулам «Гісторыя ў асобах: да 85-годдзя заснавання філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы», падрыхтаваным дэканам філалагічнага факультэта Святланай Ганчар і дырэктарам навуковай бібліятэкі Мікалаем Грынько.
У раздзеле «Літаратура і час» вынікі навуковых даследаванняў прадставілі дацэнты Таццяна Аляшкевіч, Анатоль Брусевіч, Аляксандр Горны, Аліна Сабуць, Святлана Тарасава.
Адметным з’яўляецца раздзел «Мовы рысы непаўторныя», дзе, акрамя навуковых артыкулаў дацэнтаў Іны Бубновіч, Святланы Ляскевіч, Валянціны Маршэўскай, Ганны Рыжковіч, Жанны Сіплівені, Марыі Якалцэвіч, старшага выкладчыка Станіслава Янушкевіча, у рубрыцы «Віншуем юбіляра» прапанаваны шэраг матэрыялаў, прысвечаных 70-годдзю прафесара Міколы Даніловіча, выпускніка, выкладчыка, прафесара нашага ўніверсітэта (артыкул пра юбіляра Алены Садоўскай, загадчыка кафедры беларускай філалогіі, артыкул Міколы Аляксандравіча, а таксама інтэрв’ю з ім).
Цікавымі матэрыяламі дзеляцца купалаўцы ў раздзеле «Методыка і вопыт», дзе прапаноўваюцца метадычныя напрацоўкі дацэнтаў Ірыны Герасімчык, Ірыны Піваварчык, Ірыны Хлусевіч, Ноны Шандрохі, заслужанай настаўніцы Беларусі, выдатніка адукацыі БССР Алены Руцкай, дырэктара навуковай бібліятэкі Мікалая Грынько.
Адметна, што аўтарамі тэматычнага нумара часопіса сталі і выпускнікі-купалаўцы, сярод якіх прафесар БДУ Святлана Ганчарова-Грабоўская і дацэнт БДУ Людміла Камлюк-Ярашэнка, а таксама настаўнік-метадыст СШ № 41 імя А.М. Кузняцова г. Гродна Таццяна Лойша і настаўнік-метадыст Радунскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Алена Чарнавус.
Пазнаёміцца са зместам часопіса можна ў навуковай бібліятэцы або ў рэпазіторыі Купалаўскага ўніверсітэта.
У пачатку 2026 года плануецца прэзентацыя юбілейнага «купалаўскага» нумара «Роднага слова» ў навуковай бібліятэцы ўніверсітэта, пра што будзе паведамлена ў сацыяльных сетках універсітэта.
Даведачна: «Роднае слова» – штомесячны навуковы і метадычны часопіс, створаны ў 1987 годзе. Уключаны ў Пералік навуковых выданняў Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь для друкавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў па філалагічных навуках, мастацтвазнаўстве, культуралогіі, педагогіцы (тэорыя і методыка навучання беларускай мове і літаратуры). Больш падрабязная інфармацыя прадстаўлена на сайце выдання: https://rod-slova.by/.