22 снежня ў Купалаўскім універсітэце падвялі вынікі штогадовага конкурсу на атрыманне грантаў рэктара для падрыхтоўкі і абароны дысертацыйных даследаванняў. Сёлета ў конкурсе прынялі ўдзел чатыры работнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Конкурс на атрыманне грантаў рэктара ўжо стаў традыцыяй Купалаўскага ўніверсітэта і адыгрывае важную ролю ў развіцці стратэгічнай задачы ўніверсітэта – падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі.
У гэтым годзе за права на фінансаванне дысертацыйнага даследавання спаборнічалі чацвёра работнікаў Купалаўскага ўніверсітэта: старшы выкладчык кафедры замежных моў Алена Дзінгілеўская, старшы выкладчык кафедры крымінальнага права, крымінальнага працэсу і крыміналістыкі Валерый Козел, выкладчык-стажор кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Бажэна Садоўская і старшы выкладчык кафедры міжнароднага бізнесу і маркетынгу Ларыса Скварцова.
Кожны суіскальнік прадэманстраваў важкія навуковыя вынікі, пацверджаныя навуковымі публікацыямі, у тым ліку ў выданнях з пераліку Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь, і актамі аб укараненні вынікаў дысертацыйнага даследавання.
Конкурсная камісія на чале з рэктарам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірынай Кітурка прыняла рашэнне аб выдзяленні гранта рэктара кожнаму ўдзельніку конкурсу.
Віншуем купалаўцаў і жадаем ім поспехаў у навуковай дзейнасці!