У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы працягваецца конкурс прафесійнага майстэрства «Педагог-інаватар Купалаўскага ўніверсітэта». У цэнтры ўвагі ўдзельніцы конкурсу, старшага выкладчыка кафедры журналістыкі Кацярыны Касцюшкі, аказаліся навучальныя квізы – інструмент, які ператварае аўдыторыю ў прастору для даследчага дыялогу і інтэлектуальнага азарту.
У час выступлення Кацярына Касцюшка падзялілася ўласнымі напрацоўкамі ў галіне інтэрактыўных заданняў: ад кароткіх бліц-квізаў да комплексных мультымедыйных віктарын, дзе выкарыстоўваюцца тэксты, малюнкі і аўдыёфрагменты. Паводле яе слоў, выкарыстанне квізаў эфектыўна злучае лічбавыя тэхналогіі з камунікатыўным падыходам і адпавядае чаканням сучасных студэнтаў, для якіх інтэрактыўнасць і дынаміка працэсу нярэдка вызначаюць уцягнутасць у навучанне. «Квіз – гэта не проста гульня, – падкрэсліла яна, – гэта фармат, які дазваляе студэнтам вучыцца думаць, шукаць, аналізаваць і рабіць высновы».
Па выніках выступлення Кацярыны Касцюшкі адбылася дыскусія, якая перарасла ў абмен вопытам паміж выкладчыкамі розных спецыяльнасцей. Удзельнікі задавалі Кацярыне Касцюшка пытанні, якія датычацца як педагагічных падыходаў, так і практычных дэталей:
– Што падштурхнула вас да выкарыстання квізаў у вучэбнай працы?
– Ці выкарыстоўваеце вы пры распрацоўцы квізаў магчымасці ІІ?
– У чым выяўляецца спецыфіка выкарыстання гульнявых механік у працы са студэнтамі гуманітарных і тэхнічных спецыяльнасцяў?
Асаблівы водгук выклікаў каментар старшага выкладчыка кафедры англійскай філалогіі Жанны Караткевіч: «Цалкам падтрымліваю выкарыстанне квізаў у навучанні. Як практыкуючы выкладчык замежнай мовы хачу падкрэсліць патэнцыял гэтай тэхналогіі для комплекснага развіцця маўленчых уменняў студэнтаў».
Чарговы этап конкурсу "Педагог-інаватар Купалаўскага ўніверсітэта" зноў паказаў: інавацыі ў адукацыі нараджаюцца там, дзе выкладчыкі не баяцца эксперыментаваць і шукаць новыя формы ўзаемадзеяння са студэнтамі. І квіз як інструмент сучаснага выкладчыка становіцца адным з мастоў паміж традыцыяй і лічбавай будучыняй універсітэцкай адукацыі.