Сёння, 5 снежня, ГрДУ імя Янкі Купалы стаў пляцоўкай для важнага дыялогу аб будучыні беларускай навукі. Адбылася сустрэча навуковай грамадскасці Купалаўскага ўніверсітэта са Старшынёй Савета маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Максімам Кучвальскім.
Удзельнікамі мерапрыемства сталі студэнты, магістранты і аспіранты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, якія зацікаўлены ў развіцці сваёй навуковай дзейнасці.
З уступнай прамовай выступіла прарэктар па навуковай рабоце Наталля Башун.
– Сёння для нас вялікі гонар, што вы – Максім Уладзіміравіч будзеце праводзіць сустрэчу з маладымі навукоўцамі Купалаўскага ўніверсітэта. Я спадзяюся, што сённяшні адкрыты дыялог будзе мець канструктыўны характар, і ва ўсіх прысутных у гэтай аўдыторыі з'явіцца магчымасць задаваць пытанні, - адзначыла Наталля Зігмунтаўна.
Максім Кучвальскі, у сваю чаргу, выказаў падзяку ГрДУ імя Янкі Купалы за запрашэнне і магчымасць прамых зносін з маладой навуковай супольнасцю. Падчас сустрэчы Максім Уладзіміравіч падзяліўся сваім бачаннем развіцця беларускай навукі, абазначыўшы ключавыя траекторыі, па якіх павінны рухацца маладыя вучоныя краіны. Старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі зрабіў асаблівы акцэнт на важнасці прыцягнення маладога пакалення ў навуковую сферу, падкрэсліўшы яе стратэгічнае значэнне для развіцця дзяржавы.
Важным пунктам дыскусіі стала абмеркаванне пытанняў падтрымкі маладых вучоных і стварэння максімальна спрыяльных умоў для іх навуковай работы. Максім Кучвальскі высока ацаніў дасягненні вучоных Купалаўскага ўніверсітэта, адзначыўшы іх уклад у развіццё айчыннай навукі.