Сёння, 25 лістапада, пагадненне аб узаемадзеянні ў рамках Гродзенскага абласнога адукацыйнага кластара на 2026 год падпісалі галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага абласнога камітэта і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
З уступным словам да ўдзельнікаў пасяджэння звярнулася рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка.
- Мы былі першымі ініцыятарамі стварэння адукацыйнага кластара, і ён быў створаны раней, чым рэспубліканскі. Мы бачылі, што сувязь навучальнай установы і дзяржаўнай улады - гэта гарант поспеху. Зацікаўленасць структур, якія займаюцца арганізацыяй адукацыйнага працэсу на тэрыторыі Гродзенскай вобласці, непарыўная сувязь паміж школай, каледжамі і вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, несумненна, прывядуць да высокіх вынікаў! – адзначыла Ірына Фёдараўна.
Да ўдзельнікаў мерапрыемства таксама звярнуўся начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Руслан Абрамчык.
- Сённяшняе падпісанне плана ўзаемадзеяння на 2026 год паміж галоўным упраўленнем і ўніверсітэтам ажыццяўляецца ў рамках рэалізацыі доўгатэрміновай стратэгіі дзейнасці Гродзенскага абласнога адукацыйнага кластара, у які ўваходзяць многія арганізацыі, установы, аддзелы органаў дзяржаўнага кіравання. Наша супрацоўніцтва - шматвектарнае, яно знаходзіцца ў пастаянным развіцці, а яго асноўным напрамкам з'яўляецца прафарыентацыя, - падкрэсліў Руслан Юр'евіч.
З дакладам на тэму "Узаемадзеянне па пытаннях падрыхтоўкі кадраў" выступіла Ірына Карлюкова, начальнік Цэнтра развіцця кар'еры ГрДУ імя Янкі Купалы. У сваім дакладзе Ірына Аляксандраўна асвятліла аспекты сумеснай работы, накіраванай на фарміраванне высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія адпавядаюць сучасным патрабаванням рынку працы. Былі таксама разгледжаны паспяховыя практыкі і будучыя ініцыятывы, закліканыя ўмацаваць сувязь паміж адукацыйнымі ўстановамі і арганізацыямі-заказчыкамі кадраў.
Падпісаная праграма ўключае ў сябе некалькі стратэгічных напрамкаў дзейнасці. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена падрыхтоўцы кадраў у сферы адукацыі, што дасць магчымасць не толькі задаволіць бягучыя і будучыя патрэбнасці адукацыйнай сістэмы рэгіёну, але і значна павысіць канкурэнтаздольнасць на рынку працы. Дакумент таксама прадугледжвае арганізацыю і правядзенне рэпетыцый цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання для забеспячэння высокага ўзроўню падрыхтоўкі абітурыентаў. Адным з прыярытэтаў стане павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі для прыцягнення новых спецыялістаў.
У рамках адукацыйнага кластара плануецца работа класаў профільнай накіраванасці, што дапаможа будучым абітурыентам вызначыцца з выбарам прафесіі. Праца з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі таксама будзе ў цэнтры ўвагі. Немалаважнай часткай праграмы ўзаемадзеяння з'яўляецца работа з педагагічнымі кадрамі, што дапаможа забяспечыць стабільнасць і якасць адукацыі ў рэгіёне.
Стварэнне Гродзенскага абласнога адукацыйнага кластара адкрывае новую старонку ў развіцці рэгіянальнай сістэмы адукацыі і арыентуецца на задачы падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў для Беларусі.