17 верасня ў лесапарку "Пышкі" адбыўся забег, прымеркаваны да Дня народнага адзінства. У мерапрыемстве прынялі ўдзел студэнты і выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Учора лесапарк напоўніўся энергіяй і радасцю, аб'яднаўшы каля тысячы чалавек на забегу "Прабег адзінства". Марафон стаў добрай традыцыяй і сімвалам згуртаванасці для гродзенцаў, сабраўшы людзей розных узростаў і прафесій, усіх тых, хто шануе здаровы лад жыцця і імкнецца да адзінства.
Удзельнікі, сярод якіх былі студэнты і выкладчыкі Купалаўскага ўніверсітэта, сабраліся для таго, каб не толькі прабегчы дыстанцыю, але і падтрымаць адзін аднаго. Перад стартам арганізатары правялі ўрачыстае адкрыццё, на якім кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Ігар Бабыр павіншаваў усіх са святам і нагадаў аб важнасці адзінства ў нашым грамадстве. Пасля размінкі, калі ўсе ўдзельнікі настроіліся на спартыўны лад, быў дадзены старт прабегу на 2,5 кіламетра. З першых метраў забегу адчувалася атмасфера згуртаванасці: удзельнікі беглі ва ўнісон, падбадзёрваючы адзін аднаго.
Фінішная рыса стала кульмінацыяй прабегу. Усмешкі на тварах удзельнікаў, радасныя крыкі і бурныя апладысменты стварылі атмасферу свята. "Прабег адзінства" нагадаў усім аб тым, як сіла адзінства можа натхніць на новыя дасягненні.