12 верасня ў рамках дзелавога візіту ў Гродзенскую вобласць Ігар Карпенка наведаў цэнтр патрыятычнага выхавання Купалаўскага ўніверсітэта і сустрэўся з прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнцкай моладдзю. Дыялогавая пляцоўка на тэму "У адзінстве народа - будучыня Беларусі" была прымеркавана да Дня народнага адзінства.
На сустрэчы са старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь прысутнічала больш за 150 купалаўцаў, у тым ліку студэнты-першакурснікі, якім яшчэ толькі трэба прыняць удзел у выбарах.
- 17 верасня мы будзем адзначаць Дзень народнага адзінства. Напярэдадні свята жыццё ва ўніверсітэце кіпіць: новыя сустрэчы, дыялогі. Хоць свята адзначаецца ўсяго некалькі гадоў, яно ўжо набыло маштаб і значнасць, і кожны разумее яго важнасць. Сёння ў нас адкрыты дыялог з Ігарам Васільевічам Карпенкам. Я сустракаюся з ім не ў першы раз - гэта ўжо мая трэцяя сустрэча ў гэтым годзе. І кожны раз пасля камунікацыі з ім адчуваю натхненне, - падзялілася студэнтка 1 курса педагагічнага факультэта Мар'я Мацюк.
– Дзень народнага адзінства для беларусаў – свята асаблівае, таму што Беларусь заўсёды славілася прыязнасцю, – падзяліўся студэнт 1-га курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Іван Музычка. - Пра значэнне гэтага свята моладзь ведае. У нашай краіне праводзіцца дастатковая колькасць мерапрыемстваў. Форум "Беларусь адзіная", штогадовы форум "17 граняў адзінства" - гэта прыклады падзей, якія праводзяцца ў гонар Дня народнага адзінства і ўвасабляюць незалежнасць і адзінства нашага народа.
Сам Ігар Васільевіч Карпенка адзначыў, што падчас размовы будуць абмяркоўвацца розныя пытанні, якія хвалююць моладзь, забароненых тэм няма.
Адкрыла мерапрыемства рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Прадстаўляючы госця, яна нагадала аб тым, што ўсю сваю працоўную дзейнасць Ігар Васільевіч ішоў разам з адукацыяй, а сёння ўзначальвае Цэнтральную выбарчую камісію Рэспублікі Беларусь. Яна падзякавала госцю за візіт ва ўніверсітэт напярэдадні Дня народнага адзінства.
- «У адзінстве народа - будучыня Беларусі» - менавіта такая тэма была абрана для дыялогавай пляцоўкі. Сённяшняе мерапрыемства будзе асабліва карысным для першакурснікаў, якія ведаюць пра выбарчы працэс толькі з досведу блізкіх людзей. Падчас дыялогу ў іх будзе магчымасць атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні, якія тычацца выбараў, - адзначыла Ірына Фёдараўна.
У фармаце адкрытага дыялогу ўдзельнікі гаварылі аб самым важным для развіцця краіны: гістарычным шляху, пераемнасці пакаленняў і ролі моладзі ў фарміраванні будучыні.
Адной з ключавых тэм стала рэалізацыя стратэгічных напрамкаў развіцця Рэспублікі Беларусь. Спікер адзначыў пабудову сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі, накіраванай на ўстойлівы сацыяльна-эканамічны рост, павышэнне якасці жыцця насельніцтва і інтэграцыю ў сусветную эканоміку. Казалі аб знешняй палітыцы і бяспецы, аб абароне дзяржаўных інтарэсаў і развіцці чалавечага патэнцыялу.
Звяртаючыся да моладзі, Ігар Карпенка звярнуў увагу на тое, што цяпер яна ў пэўнай ступені адказная за стратэгічны напрамак развіцця нашага грамадства.
- Студэнцкая моладзь ведае пра Дзень народнага адзінства больш, бо яна ўжо прайшла школьны курс гісторыі Беларусі, а тут дадаткова вывучае гісторыю беларускай дзяржаўнасці. Але разам з тым зносіны старэйшага пакалення з маладым дапамагаюць захоўваць пераемнасць. Маладыя людзі павінны разумець: да нас былі пакаленні, якія ўмацоўвалі яе суверэнітэт, незалежнасць і дзяржаўнасць. Гістарычны шлях быў цяжкі, і наша задача сёння - захаваць гэты падмурак.
Старшыня ЦВК узгадаў падзеі пачатку 1990-х гадоў, калі Беларусь стала незалежнай. Менавіта тады краіна апынулася перад выбарам, які шлях развіцця абраць.
- Гаворачы аб адзінстве народа, мы павінны разумець наступствы няправільнага выбару стратэгічнага напрамку развіцця краіны. Выбіраючы лідара, мы выбіраем стратэгічны напрамак, які ён імкнецца рэалізоўваць. Пытанне аб будучыні Беларусі - гэта не толькі клопат цяперашняга пакалення. Гэта адказнасць перад дзецьмі, унукамі і праўнукамі, якія будуць жыць у той краіне, якую будуем мы сёння, - адзначыў Ігар Карпенка.
Пасля выступлення спікера студэнты актыўна задавалі пытанні. Ігар Васільевіч на кожны з іх даў разгорнуты адказ. Студэнты цікавіліся станаўленнем асобы Ігара Карпенкі, яго працай у сферы адукацыі, дзейнасцю Цэнтральнай выбарчай камісіі ў перыяд паміж выбарамі, досведам удзелу ў выбарах у якасці міжнароднага назіральніка. Цікавасць выклікала і тое, як бачыць Ігар Карпенка ідэальную сістэму ўзаемадзеяння Цэнтральнай выбарчай камісіі і сродкаў масавай інфармацыі. Студэнты спыталі, ці магчымы ў нашай краіне пераход да электроннага галасавання, ці трэба ўзнімаць узроставы цэнз для ўдзелу ў выбарах і якая роля сацыялагічных апытанняў у вывучэнні грамадскай думкі ў перыяд выбарчай кампаніі.
Пытанні датычыліся і дэпутацкай дзейнасці. Студэнты пацікавіліся, як Ігар Карпенка ацэньвае патэнцыял дзеючага дэпутацкага корпуса, якія ёсць адрозненні дэпутацкага корпуса Рэспублікі Беларусь ад дэпутацкага корпуса краін-суседзяў і якія парады можа даць спікер моладзі, якая зацікаўлена ў палітычным жыцці.
Напрыканцы дыялогу Ігар Карпенка павіншаваў купалаўцаў з пачаткам навучальнага года і надыходзячым Днём народнага адзінства і пажадаў заўсёды рабіць свядомы выбар, які пазітыўна паўплывае як на развіццё асобы, так і краіны ў цэлым.
Таксама ў рамках мерапрыемства госць перадаў універсітэту каштоўны падарунак - практычны дапаможнік па тэорыі і практыцы выбарчага працэсу ў Рэспубліцы Беларусь.