9 верасня ў Рэспубліканскім маладзёжным цэнтры прайшла справаздачна-выбарачная канферэнцыя Грамадскай рэспубліканскай студэнцкай рады. Купалаўскі ўніверсітэт на мерапрыемстве прадставіла старшыня Студэнцкай рады ўніверсітэта Карына Місцюк.
У пасяджэнні прыняла ўдзел Таццяна Мінчанка, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай, выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі ўпраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
На сустрэчы падвялі вынікі мінулага навучальнага года, паставілі новыя мэты і абмеркавалі планы працы. Прысутнічалі прадстаўнікі ўніверсітэтаў з усёй краіны.
– Сустрэча паказала, што нашую моладзь чуюць і слухаюць, даюць магчымасці для рэалізацыі. Ганарова, што работа Купалаўскага ўніверсітэта адзначана на высокім узроўні. Для сябе мы вызначылі канцэпцыю: быць для студэнтаў і пра студэнтаў! Гэты навучальны год стане новым этапам развіцця Грамадскай рэспубліканскай студэнцкай рады! – падзялілася Карына Місцюк, старшыня Студэнцкай рады ўніверсітэта, студэнтка 3 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму.
Грамадская рэспубліканская студэнцкая рада (АРСС) з'яўляецца асноўным рэспубліканскім калегіяльным дарадчым выбарным органам устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь.