Сустрэча адбылася 3 верасня і аб'яднала кіраўніцтва ўніверсітэта, выкладчыкаў і студэнтаў факультэта матэматыкі і інфарматыкі.
Народны настаўнік Беларусі Альфрэд Ладыка з'яўляецца выпускніком-купалаўцам факультэта матэматыкі і інфарматыкі. Сёння ён працуе настаўнікам матэматыкі гімназіі № 1 г. Ліда.
У час свайго выступлення перад аўдыторыяй Альфрэд Антонавіч падзяліўся прафесійным вопытам, расказаў аб любові да вырашэння матэматычных задач, вялікім жаданні працаваць і выхоўваць новае пакаленне матэматыкаў.
– Настаўнікам матэматыкі працую 47 гадоў. Пачаў педагагічны шлях у Іўі, працягнуў у Лідзе, дзе жыву і працую дагэтуль. Кожны год у школе прыносіць нешта новае, але застаецца галоўнае – любіць дзяцей і свой прадмет. Быць у форме для настаўніка - значыць падаваць вучням веды так, каб ім было цікава і зразумела. Тады і можна іх захапіць, а значыць, навучыць, – адзначыў Альфрэд Ладыка.
Удзельнікі сустрэчы мелі ўнікальную магчымасць задаць пытанні госцю і атрымаць каштоўныя парады па педагогіцы і выхаванні. Сярод пытанняў: сакрэт поспеху, чаму менавіта прафесія настаўніка, як працаваць з алімпіядным рухам і многае іншае. Студэнты папрасілі госця даць парады будучым настаўнікам матэматыкі. Альфрэд Антановіч падзяліўся са студэнтамі тым, як стаць сапраўдным настаўнікам:
– Каб стаць сапраўдным настаўнікам, трэба ўвесь час удасканальвацца, вырашаць алімпіядныя задачы. Таксама важна асвоіць методыку выкладання матэматыкі і рэгулярна вяртацца да тэстаў па матэматыцы. Толькі стараннасць і жаданне працаваць зможа прывесці кожнага да запаветнай мэты.
Ганаровае званне «Народны настаўнік Беларусі» Альфрэду Антановічу прысвоілі за выдатныя дасягненні ў галіне адукацыі, шматгадовую добрасумленную працу і значны ўклад у выхаванне падрастаючага пакалення.
Альфрэд Антановіч – адзін з двух педагогаў краіны, якія носяць ганаровае званне «Народны настаўнік Беларусі». Найвышэйшую адзнаку сваёй амаль паўвекавой працы на школьнай ніве ён атрымаў якраз напярэдадні новага навучальнага года.