Ужо па добрай традыцыі новы навучальны год купалаўцы пачынаюць у самым сэрцы ўніверсітэта, на Плошчы ўніверсітэцкага сцяга. Менавіта тут 1 верасня прайшла ўрачыстая лінейка, якая азнаменавала пачатак новага навучальнага года.
Урачыстае мерапрыемства пачалося прывітаннем адміністрацыі ўніверсітэта і ганаровых гасцей, сярод якіх дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Патапава і дырэктар тэлерадыёвяшчальнага канала «Гродна Плюс» Сяргей Мазайла. Працягнулася цырымонія вынасам сцягоў Рэспублікі Беларусь і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
З прывітальным словам да супрацоўнікаў і навучэнцаў звярнулася рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка.
– Сёння ўніверсітэт сапраўды задыхаў. Без студэнтаў універсітэт - проста сцены. Я заўсёды гавару, што жыццё ў яго ўдыхаюць купалаўцы. Удачы вам, добрага паспяховага новага навучальнага года, будзьце здаровыя, шчаслівыя і любімыя, – пажадала Ірына Фёдараўна.
Падчас урачыстай лінейкі рэктар універсітэта і ганаровыя госці ўручылі пасведчанні аб занясенні на дошку гонару «Імі ганарыцца універсітэт» лепшым студэнтам, магістрантам і аспірантам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, якія дасягнулі поспехаў у адукацыі, навуцы, творчасці і спорце.
Ад педагагічнай супольнасці павіншавала купалаўцаў з Днём ведаў дэкан факультэта псіхалогіі Вольга Мітрафанава. Ад студэнцкай супольнасці выступіла Карына Місцюк, студэнтка 3 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму.
Настае гарачая пара для студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта: лекцыі і семінары, навуковыя праекты, творчыя конкурсы і спартыўныя спаборніцтвы. Студэнты-купалаўцы з нецярпеннем чакалі гэты навучальны год і гатовы далей услаўляць родную Alma mater.