19 жніўня ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку стартавала другая Летняя школа маладога аналітыка. Яе ўдзельнікамі сталі 65 студэнтаў, магістрантаў і маладых вучоных з больш як 30 універсітэтаў краіны.
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы прадставілі студэнткі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Анастасія Сталярчук і Дар'я Пташыц.
Па выніках заключнага этапа Рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу аналітычных праектаў, які прайшоў 30 мая ў Мінску, купалаўцы атрымалі магчымасць прадоўжыць свае даследаванні ў Летняй школе.
Асноўнай тэмай Летняй школы стане «Горад будучыні». Удзельнікі змогуць прадставіць сваё бачанне гарадоў Беларусі праз дзясяткі гадоў. Таксама яны наведаюць Парк высокіх тэхналогій і прадпрыемства «А1», дзе азнаёмяцца з работай устаноў.
Арганізатарам школы выступіў Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку, грамадскага аб'яднання «БРСМ» і Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў.