З 5 па 9 жніўня ў Маскве ў Музеі Перамогі праходзяць IV ваенна-спартыўныя гульні Узброеных Сіл дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, прысвечаныя 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Больш за 200 спартсменаў з Беларусі, Расіі, Таджыкістана, Казахстана, Узбекістана і Кыргызстана спаборнічаюць у пяці відах спорту: афіцэрскае трохбор'е, стральба з табельнай або штатнай зброі, армейскі рукапашны бой, самба і гіравы спорт. Спаборніцтвы праходзяць на аб'ектах Цэнтральнага спартыўнага клуба Арміі.
Як падкрэсліў сакратар Савета міністраў абароны дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў генерал-лейтэнант Юрый Дашкін, гульні - даніна памяці ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і магчымасць прадставіць лепшыя дасягненні ў ваенным спорце.
Беларускую дэлегацыю на гульнях узначальвае старшыня Спартыўнага камітэта Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь палкоўнік Анатоль Ханеўскі. Таксама ў склад беларускай дэлегацыі ўваходзіць старшы выкладчык кафедры тэорыі і арганізацыі фізічнай падрыхтоўкі вайскоўцаў ГрДУ імя Янкі Купалы падпалкоўнік Іван Крупеніч.
- Прымаць удзел у падобнага роду спаборніцтвах - гэта значыць прадстаўляць Узброеныя Сілы нашай краіны на міжнароднай спартыўнай арэне. Вельмі важна наведаць музей Вялікай Айчыннай вайны на Паклоннай гары ў дзень адкрыцця спаборніцтваў. Мае дзяды і прадзеды бралі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне, і я ганаруся імі. Упэўнены, спаборніцтвы будуць праходзіць у сяброўскай і відовішчнай атмасферы! - адзначыў Іван Крупеніч.