26 чэрвеня на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы адбыўся круглы стол, прысвечаны памяці прафесара Усера Давідовіча Разенфельда (1934-2004). Арганізатарам мерапрыемства выступіла кафедра турызму і культурнай спадчыны.
Вядомы вучоны, доктар філасофскіх навук, прафесар Усер Давідовіч Розенфельд быў першым загадчыкам кафедры турызму і культурнай спадчыны. Яго ідэі і даследаванні ў галіне антрапалагічнай філасофскай думкі, экалогіі культуры, этнасацыяльных і этнакультурных працэсаў па сённяшні дзень застаюцца непераўзыдзенымі ў айчыннай навуцы і вызначаюць асноўныя навукова-даследчыя кірункі кафедры.
Адкрыў пасяджэнне і прывітаў удзельнікаў круглага стала дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Віктар Белазаровіч. Ён адзначыў, што Усэр Давідовіч стварыў навуковую школу і выхаваў мноства вучняў. У іх ліку – дацэнты кафедры турызму Купалаўскага ўніверсітэта Сяргей Данскіх і Наталля Шаршаневіч, якія выступілі з успамінамі аб гадах вучобы і працы з прафесарам.
Падчас мерапрыемстваў сваімі ўспамінамі таксама падзяліліся загадчык кафедры філасофіі ГрДУ імя Янкі Купалы Чэслаў Кірвель і дацэнт Віктар Карпінскі. Купалаўцы адазваліся аб прафесары Розенфельдзе, як аб выдатным вучоным і добрым чалавеку. Дацэнт кафедры музычнага мастацтва факультэта мастацтваў і дызайну ГрДУ імя Янкі Купалы Людміла Мажэйка расказала аб стварэнні факультэта, адзначыўшы значны ўклад прафесара Разенфельда. Успамінамі аб прафесары таксама падзяліліся загадчыца кафедры Наталля Жураўлёва, дырэктар Цэнтра патрыятычнага выхавання «Музей гісторыі ўніверсітэта» Святлана Мардзечка і многія іншыя.
Старонкі біяграфіі Усера Давідовіча Разенфельда навечна ўпісаны ў гісторыю Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Цёплая сустрэча, фатаграфіі і старонкі навуковых прац – сведчанні жывой памяці, якая перадавалася, перадаецца і будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне купалаўцаў.